Віцебская вобласць мае намер актывізаваць стварэнне супольных прадпрыемстваў з Расіяй - Мікалай Шарснёў

Витебская область намерена активизировать создание совместных предприятий с Россией - Николай Шерстнёв

Віцебская вобласць зацікаўлена не толькі ў развіцці гандлю з Расіяй, але і ў стварэнні з ёй супольных прадпрыемстваў. Пра гэта заявіў журналістам старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падчас комплекснай прэзентацыі Віцебскай вобласці, якая адбылася сёння ў Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі.


"Віцебская вобласць ужо даўно працуе з Расіяй, практычна з усімі рэгіёнамі - у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, культуры, адукацыі, - сказаў Мікалай Шарстнёў. - Практычна няма такіх напрамкаў, дзе ў нас не было б супольных інтарэсаў. Мы хочам зрабіць упор не проста на гандаль з Расіяй, а ствараць супольныя прадпрыемствы, дапаўняць эканомікі адзін аднаго. Супольныя прадпрыемствы больш устойлівыя на рынку".

На прэзентацыі Мікалай Шарстнёў адзначыў, што штогод прадпрыемствы вобласці экспартуюць прадукцыі на $2,5 млрд, з іх траціна - навукаёмістая і высокатэхналагічная. Пры гэтым кожны пяты рубель экспартнай выручкі фарміруюць арганізацыі аграпрамысловага комплексу. Асаблівую ўвагу ў вобласці надаюць развіццю інавацыйных тэхналогій. Паспяхова дзейнічаюць вытворчасці па выпуску прысадак да змазачных алеяў, наладжана высокатэхналагічная вытворчасць водаачышчальнага абсталявання, тэлескапічных пад'ёмнікаў, сілавога і валаконнага кабеля, шырокай гамы высокадакладных вымяральных і аптычных прыбораў. Прадпрыемствамі вобласці выпускаюцца ільняныя тканіны, акрылавае валакно, шклатканіны, даламітавая мука. Да таго ж, як падкрэсліў Мікалай Шарстнёў, Віцебшчына з'яўляецца яшчэ і абуткавай сталіцай Беларусі. Вобласць таксама з'яўляецца зборачнай пляцоўкай для вытворчасці шырокай гамы вырабаў электронікі і машынабудавання.

Сказанае Мікалаем Шарстнёвым было падмацавана выставай, якая разгарнулася ў залах пасольскага комплексу. Сваю экспартную прадукцыю і інвестыцыйныя прапановы прадставілі прадпрыемствы СЭЗ "Віцебск", аб'яднанне "Віцебскпрам", вытворцы прадукцыі лёгкай прамысловасці, высокадакладнага аптычнага абсталявання, медыцынскіх прыбораў, станкабудавання, водаачышчальнага і пад'ёмнага абсталявання, радыёэлектронікі, кабельнай прадукцыі.


Асобнай экспазіцыяй была прадстаўлена прадукцыя прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Віцебскай вобласці, якую госці прэзентацыі змаглі прадэгуставаць. Яшчэ ў адным тэматычным блоку быў прэзентаваны культурны патэнцыял Віцебскай вобласці: фрэскі XII стагоддзя Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, творчасць Марка Шагала, Юдэля Пэна, сучасных віцебскіх мастакоў, рукапісныя кнігі, а таксама старадаўнія традыцыйныя касцюмы Віцебшчыны. Для гасцей прэзентацыі былі арганізаваны майстар-класы па ткацтве, пляценні, вышыўцы і іншых рамёствах.


Па выніках перамоваў, якія прайшлі падчас прэзентацыі, падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве Віцебскага аддзялення Беларускай тар-прамысловай палаты з Маскоўскай тар-прамысловай палатай, Адынцоўскай тар-прамысловай палатай, Паўднёвай тар-прамысловай палатай Маскоўскай вобласці, а таксама Маскоўскай канфедэрацыяй прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў (работнікаў).

Прэзентацыю Віцебскай вобласці наведалі расійскія парламентарыі, прадстаўнікі ўрадаў Масквы і Маскоўскай вобласці, дзелавых колаў, кіраўнікі некаторых расійскіх рэгіёнаў і маскоўскіх акруг, гарадоў і раёнаў Падмаскоўя, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, Еўразійскай эканамічнай камісіі. Патэнцыял Віцебскай вобласці ацанілі таксама кіраўнікі і прадстаўнікі больш чым 30 дыпламатычных місій, акрэдытаваных у Маскве.


Прэзентацыя была арганізавана Віцебскім аддзяленнем Беларускай тар-прамысловай палаты сумесна з Віцебскім аблвыканкамам і пасольствам Беларусі ў Расіі.

БЕЛТА. Фота пасольства Беларусі ў Расіі.