Віцебская вобласць мае намер да 2015 года павялічыць выручку ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі амаль у 2,5 раза

28 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Праект праграмы развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады прадугледжвае павелічэнне выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі амаль у 2,5 раза: з Br1,7 трлн. у 2010 годзе да Br4,2 трлн. да 2015 года. Аб гэтым сёння на абласным навукова-практычным семінары-нарадзе па пытаннях стратэгіі развіцця АПК Віцебскай вобласці на перыяд да 2015 года, павышэння эфектыўнасці раслінаводства, кармавытворчасці і жывёлагадоўлі, навядзення парадку на зямлі паведаміў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Эдуард Дзям'янаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Асноўнымі прыярытэтамі развіцця галіны ў 2011-2015 гадах стане стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць павышэнне эканамічнай эфектыўнасці АПК, у першую чаргу за кошт фарміравання ўстойлівай рэнтабельнай вытворчасці. Да 2015 года вобласць плануе надоіць 1435 тыс.т малака, павысіць сярэднюю ўраджайнасць да 50 ц/га і сабраць больш за 2 млн.т збожжа, рэалізаваць 300 тыс.т мяса. Павелічэнне вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі плануецца дасягнуць за кошт як нарошчвання пагалоўя, так і павелічэння прадукцыйнасці. Асноўныя аб'ёмы вытворчасці малака і мяса будуць прыпадаць на буйнатаварныя комплексы. У прыватнасці, да канца пяцігодкі плануецца ўвесці ў строй больш за 100 малочна-таварных ферм і столькі ж рэканструяваць. Для павышэння прадукцыйнасці статка аблсельгаспрад плануе нарошчваць генетычны патэнцыял дайнага статка і для гэтага мае намер штогод завозіць з краін з высокім узроўнем жывёлагадоўлі да 40 галоў рамонтных быкоў, пачаць работу па куплі і трансплантацыі эмбрыёнаў лепшай сусветнай селекцыі. Побач з традыцыйнымі галінамі жывёлагадоўлі ў вобласці плануецца развіваць казінаводства, авечкагадоўлю. Да 2015 года пагалоўе коз павялічыцца да 1 тыс., авечак - да 5 тыс., коней - да 10 тыс. Павелічэнне вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ўнясе карэктывы ў сістэму земляробства і раслінаводства. У рамках праграмы запланавана павелічэнне пасяўных плошчаў збожжавых і зернебабовых да 500 тыс.га, рапсу - 100 тыс.га, кукурузы - 100 тыс.га, лёну - да 20 тыс.га, бульбы - да 10 тыс.га. Матэрыяльна-тэхнічная база для ажыццяўлення пастаўленых задач напрацавана. На працягу 2009-2010 гадоў гаспадаркам вобласці пастаўлена 486 энергонасычаных трактароў, 800 высокапрадукцыйных камбайнаў, 271 кормаўборачны камбайн. Да канца 2015 года машынны парк папоўніцца 2 тысячамі збожжаўборачных камбайнаў, 1,5 тысячамі трактароў і іншай тэхнікай. Рэалізацыя праграмы будзе накіравана на павелічэнне даходнасці сельгаспрадпрыемстваў і давядзенне сярэдняй заработнай платы ў сельгаспрадпрыемствах да Br2 млн. У выніку дзеяння праграмы ў 2015 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі можа скласці Br4,2 трлн. пры затратах на вытворчасць Br4,1 трлн. Рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі па ўсёй дзейнасці складзе 18,2%. "Праграма не амбіцыйная, яна рэальная. Віцебшчына - прамысловы рэгіён, але сяло забяспечвае харчовую бяспеку. Жыццё пачынаецца з зямлі", - сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, каментуючы праграму. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што экстэнсіўны шлях развіцця сельскай гаспадаркі завяршыўся, пара пераходзіць на інтэнсіўныя метады працы. Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі доктар эканамічных навук прафесар Уладзімір Гусакоў таксама выказаў меркаванне, што распрацаваная праграма рэальная і супадае з напрамкамі развіцця АПК краіны. "Інтэнсіфікацыя падыходзіць да Віцебскай вобласці. Ураджай у 50 ц/га для вобласці - гэта нармальны паказчык. Патэнцыял у вобласці ёсць", - падкрэсліў вучоны. Праект праграмы развіцця АПК Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады будзе вынесены на разгляд дэпутатаў аблсавета ў верасні.-0-