Віцебская вобласць мае намер павялічыць апрацоўваныя плошчы да 1 млн га
Віцебская вобласць мае намер павялічыць ворныя плошчы да 1 млн га. Пра гэта на пасяджэнні аблвыканкама падчас разгляду пытання аб падрыхтоўцы да веснавых палявых работ у 2015 годзе заявіў кіраўнік вобласці Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На думку старшыні аблвыканкама, у сельскагаспадарчай вытворчасці рэгіёну неабходна сумяшчаць інтэнсіўны і экстэнсіўны шляхі развіцця. Колькаснае павелічэнне фактараў вытворчасці звязана ў тым ліку і з пашырэннем ворных плошчаў. Гэтая праца ў вобласці пачата некалькі гадоў таму, што дазволіла ўвесці ў севазварот 210 тыс. га, якія значыліся ў сельскагаспадарчых угоддзях, але не выкарыстоўваліся, таму што зараслі хмызняком. "Будзем працягваць працаваць па праграме "Чыстыя палі". Правялі аэрафотаздымку, маюцца ўсе картаграфічныя матэрыялы, можам за кароткі прамежак часу выдаліць з палёў яшчэ 230 тыс. га хмызняку. Для таго, каб была нармальная ворная сістэма, добрыя папярэднікі, нам неабходна мець 1 млн га ворыва", - сказаў Аляксандр Косінец.
Уцягванне ў севазварот закінутых земляў дапамагло вобласці забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі і мець станоўчую дынаміку ў раслінаводстве. Рэгіён плюсуе па зборы збожжа, бульбы, павялічылася вытворчасць лёну. "На працягу апошніх гадоў мы маем істотнае павелічэнне вытворчасці мяса", - канстатаваў кіраўнік вобласці.
Аляксандр Косінец падкрэсліў, што зараз галоўная задача для рэгіёну - гэта павелічэнне таварнай масы. Мадэрнізаваныя перапрацоўчыя прадпрыемствы могуць перапрацоўваць значныя аб'ёмы малака і мяса. "Наша мэта - мець 1 млн га ворыва, 1 млн галоў КРС, з іх 250 тыс. кароў, 10 млн птушкі і павялічыць да 1 млн пагалоўе свіней. У бліжэйшы час будзем прымаць праграму па развіцці свінаводства, якая прадугледжвае будаўніцтва новых комплексаў. Неабходна атрымліваць 1,3-1,4 млн т малака і 300 тыс. т мяса", - агучыў задачы на перспектыву Аляксандр Косінец.
Кажучы пра інтэнсіўнае развіццё, губернатар падкрэсліў, што кіраўнікам усіх узроўняў неабходна прыняць вычарпальныя меры для таго, каб правесці вясеннюю пасяўную на высокім узроўні, выконваючы тэрміны і тэхналогію. Клапаціцца аб тэхніцы, угнаеннях, паліве, сродках абароны неабходна ўжо зараз. "Канчатковы эфект - ураджайнасць збожжавых мінімум 40 ц/га, зялёнай масы кукурузы і траў - 350-400 ц/га", - сказаў Аляксандр Косінец, падкрэсліўшы, што ў гэтым выпадку ў рэгіёне будзе дасягнута дастатковая рэнтабельнасць сельскагаспадарчай вытворчасці.
Алена Ціханава