Віцебская вобласць мае намер у 2011 годзе зарабіць на медыцынскім турызме Br15 млрд.
17 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці набірае абароты медыцынскі турызм. У найбліжэйшы час турыстычнае бюро па арганізацыі тураў для замежных пацыентаў пачне працаваць на базе 2-й абласной клінічнай бальніцы Віцебска, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрый Дзеркач.
У цяперашні час у клініцы створаны рэгістр медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца ў Віцебскай вобласці і запатрабаваны ў жыхароў прыгранічных раёнаў Расійскай Федэрацыі, Літвы і Латвіі. Завяршаюцца работы па атрыманні ліцэнзіі на аказанне турыстычных паслуг і заключаюцца дагаворы з замежнымі страхавымі кампаніямі аб накіраванні на лячэнне пацыентаў. У суседніх дзяржавах вядуцца маркетынгавыя даследаванні і пачата рэкламная кампанія медыцынскіх устаноў вобласці і паслуг, якія яны аказваюць.
Як адзначыў Юрый Дзеркач, медыцынскія ўстановы вобласці дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы значна абнавілі матэрыяльна-тэхнічную базу, набылі нямала сучаснага дыягнастычнага і лячэбнага абсталявання, а ўрачы асвоілі найноўшыя тэхналогіі лячэння, якія раней прымяняліся толькі ў навукова-практычных цэнтрах. Такім чынам, у рэгіёне створана база для таго, каб бальніцы і паліклінікі развівалі экспарт медыцынскіх паслуг і зараблялі сродкі для далейшага развіцця медыцынскай галіны звыш нарматыўных сацыяльных стандартаў. Галоўная мэта ствараемага медыцынскага турыстычнага бюро - прыцягнуць замежных пацыентаў на лячэнне і арганізаваць іх камфортнае знаходжанне. Да канца 2011 года ўпраўленне аховы здароўя плануе на экспарце медыцынскіх паслуг зарабіць Br15 млрд.
На думку начальніка ўпраўлення, разлікі эканамістаў рэальныя. Толькі за 8 месяцаў бягучага года тэмп росту экспарту медыцынскіх паслуг па вобласці склаў 200%, медыкі ўжо зарабілі Br1 млрд. Больш за ўсё замежнікі звяртаюцца па дапамогу да кардыёлагаў, практолагаў, стаматолагаў і акушэраў-гінеколагаў. Жыхаркі прыгранічных раёнаў Смаленскай і Пскоўскай абласцей усё часцей аддаюць перавагу назірацца і нараджаць у Віцебску. Тэмп росту экспарту паслуг у радзільным доме №1 па выніках 8 месяцаў склаў 500%, канстатаваў Юрый Дзеркач. Замежнікаў прыцягваюць кваліфікацыя беларускіх урачоў, якасць медыцынскіх паслуг і іх адэкватны кошт. Рэнтабельнасць паслуг замежным пацыентам дасягае 150%.
Улічваючы попыт замежнікаў на асобныя віды медыцынскай дапамогі, упраўленне аховы здароўя мае намер у першым квартале 2011 года ўвесці ў строй пасля рамонту рэабілітацыйныя цэнтры для пацыентаў з захворваннямі сэрца і лёгкіх у Браславе, Барані (Аршанскі раён), Паставах. Упершыню ў вобласці ў Глыбокім і Паставах пачнуць працаваць раённыя стаматалагічныя паліклінікі, таксама разлічаныя на прыём замежных пацыентаў.-0-