Віцебская вобласць мае намер у 2015 годзе накіраваць на сацыяльную сферу 66% аб'ёму бюджэту
Віцебская вобласць плануе ў 2015 годзе накіраваць на сацыяльную сферу 66% аб'ёму бюджэту. Такая лічба была агучана на сумесным пасяджэнні Прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама, на якім разглядаліся вынікі работы народна-гаспадарчага комплексу вобласці за 10 месяцаў 2014 года і прагноз на 2015 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Каменціруючы планы па расходнай частцы, старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец падкрэсліў, што бюджэт будучага года абяцае быць самым сацыяльна накіраваным за апошнія сем гадоў. "Звычайна на сацыяльную сферу выдзялялася 56-57%", - адзначыў кіраўнік вобласці.
Начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Барыс Кічаноўскі паведаміў, што ў аснову фарміравання бюджэту 2015 года пакладзены такія канцэптуальныя асаблівасці, як устойлівасць фарміравання даходнай базы бюджэту, збалансаванасць расходаў з даходамі, сацыяльная накіраванасць бюджэту. "Дадзеныя падыходы дазваляюць забяспечыць фінансавую ўстойлівасць і бяспеку бюджэту, а таксама выкананне базавых сацыяльных абавязацельстваў", - канстатаваў начальнік упраўлення.
Сума даходаў мясцовага бюджэту вобласці (без уліку бязвыплатных паступленняў з рэспубліканскага бюджэту) на 2015 год прагназуецца ў аб'ёме Br10 трлн 590 млрд. Прырост да чаканай ацэнкі бягучага года складзе 12%.
Расходы мясцовага бюджэту Віцебскай вобласці плануюцца ў суме Br15 трлн 556 млрд і ў параўнанні з чаканымі выдаткамі 2014 года павялічваюцца толькі на 1%. Пры гэтым на сацыяльную сферу плануецца накіраваць Br10 трлн 204 млрд. "У бюджэце 2015 года істотна ўзрастае доля расходаў у прыярытэтных галінах - адукацыі і ахове здароўя. Расходы на адукацыю павялічваюцца з 28 да 31% у аб'ёме бюджэту, на ахову здароўя - з 21 да 25%", - канстатаваў Барыс Кічаноўскі.
Алена Ціханава