Віцебская вобласць накіравала ў 2014 годзе на прыродаахоўныя мерапрыемствы Br16,8 млрд
Віцебская вобласць накіравала са свайго бюджэту ў 2014 годзе на выкананне прыродаахоўных мерапрыемстваў Br16,8 млрд. Такія даныя агучыў сёння старшыня абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў на выніковай калегіі камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У вобласці прымаюцца меры па паляпшэнні стану навакольнага асяроддзя шляхам укаранення малаадходных, энергёзберагальных і рэсурсазберагальных тэхналогій. Дасягнутая намі стабільная сітуацыя ў частцы экалогіі стала магчымай дзякуючы канструктыўнаму ўзаемадзеянню экалагічных, прыродаахоўных службаў, кантралюючых органаў і мясцовых улад. Вылучаюцца бюджэтныя сродкі, акрамя таго, прадпрыемствы і арганізацыі ў 2014 годзе ўклалі парадку Br440 млрд уласных сродкаў у мадэрнізацыю і тэхаснашчэнне. Гэта таксама паўплывала на паляпшэнне экалагічнага асяроддзя", - падкрэсліў Руслан Вінакураў.
У рэгіёне рэалізуецца Дзяржаўная праграма мер па змякчэнні наступстваў змены клімату на 2013-2020 гады з павелічэннем выкарыстання мясцовых, нетрадыцыйных і аднаўляльных крыніц энергіі. На 43 аб'ектах уздзеяння на атмасфернае паветра праведзена мадэрнізацыя абсталявання, што дазволіла забяспечыць зніжэнне выкідаў забруджвальных рэчываў. Каля 93-95% проб паветра паказалі, што ўзровень яго забруджвання на 50% ніжэйшы за дапушчальныя нормы. Акрамя таго, камітэт распрацоўвае абласны план мерапрыемстваў на 2015-2016 гады, накіраваны на зніжэнне выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасферу ад мабільных крыніц, на долю якіх прыпадае больш за палову гэтага віду забруджвання.
Шмат зроблена па праграме "Чыстая вада". У 2014 годзе ўведзены ў эксплуатацыю 6 аб'ектаў па адвядзенні і ачыстцы сцёкавых вод. Для паляпшэння стану паверхневых і падземных вод за межы водаахоўных зон вынесена (знесена) 19 сельгасаб'ектаў у дзевяці раёнах вобласці, выкананы ліквідацыйны тампанаж 40 артэзіянскіх свідравін у 14 раёнах. Распрацавана дакументацыя па праектаванні сістэм каналізавання ў Верхнядзвінску і Глыбокім. Стан водных аб'ектаў басейнаў рэк Заходняя Дзвіна і Дняпро ацэньваюцца як дастаткова спрыяльны.
"Экалагічныя задачы на 2015 год - выканаць усе даведзеныя экалагічныя паказчыкі. Што тычыцца скарачэння на 20% скідвання забруджаных сцёкавых вод, то гэты паказчык ужо выкананы за кошт уводу аб'ектаў пры рэалізацыі праграмы "Чыстая вада". І гэтая праца будзе працягнута, як і мерапрыемствы па скарачэнні выкідаў у атмасфернае паветра, палёў фільтрацыі, па навядзенні парадку на зямлі", - дадаў Руслан Вінакураў.
Кацярына Князева