Віцебская вобласць перавыканала пяцігадовае заданне па вытворчасці прампрадукцыі ў малых гарадах

27 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскай вобласцю перавыкананы заданні Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007-2010 гады па вытворчасці прамысловай прадукцыі, стварэнні малых прадпрыемстваў і рабочых месцаў. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама першы намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Святаслаў Зароўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. З улікам студзеня-сакавіка 2010 года ў цэлым па малых гарадах тэмп росту прамысловай прадукцыі за пяцігодку склаў 167,1% пры заданні на гэты ж перыяд 158%, створана 18,9 тыс. рабочых месцаў пры плане 16,4 тыс., колькасць малых прадпрыемстваў складае звыш 1,3 тыс., што перавышае заданне больш чым удвая. Разам з тым колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы малых гарадоў, на 1 красавіка бягучага года складала 125,1 тыс. пры заданні на канец 2010 года 125,8 тыс., узровень беспрацоўя перавышае прагнозны на 0,1%. Як адзначыў Святаслаў Зароўскі, нягледзячы на нядрэнныя агульныя паказчыкі, сітуацыя па выкананні прагнозных паказчыкаў і праграм развіцця ў канкрэтных населеных пунктах складваецца неадназначна. Так, калі ў Лепелі тэмп росту прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў у першым квартале бягучага года складаў 152,8% і 131,4% адпаведна да першага квартала 2009 года, то ў Обалі гэтыя паказчыкі складалі 65% і 72% адпаведна. З 40 населеных пунктаў, уключаных у комплексную праграму, у 15 не забяспечваюцца паказчыкі па тэмпах росту прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў. Практычна ў кожным другім малым населеным пункце маюцца нерэалізаваныя інвестыцыйныя праекты. Занепакоенасць аблвыканкама выклікае дзейнасць зноў створаных прадпрыемстваў. З 172 прадпрыемстваў, утвораных у малых гарадскіх паселішчах у 2009-м і першым квартале 2010 года, працуюць 84. Не функцыянуюць або ліквідуюцца 88 прадпрыемстваў, у тым ліку 13 - у Глыбоцкім раёне. Першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Новацкі падкрэсліў, што рэалізацыя дзяржаўнай комплекснай праграмы з'яўляецца адным з найважнейшых паказчыкаў работы мясцовых органаў улады. Яе мэта - устойлівае развіццё малых і сярэдніх паселішчаў, стварэнне камфортных умоў пражывання для людзей, забеспячэнне іх працай і годнай заработнай платай. "У праграме няма неасноўных паказчыкаў, не выкананы адзін, значыць, не выканана ўся праграма. А для яе выканання ёсць сродкі, дзяржавай створаны ўсе неабходныя ўмовы, не хапае толькі ініцыятывы і адказнасці на месцах", - сказаў ён. Віцебскі аблвыканкам мае намер праводзіць штомесячны маніторынг ходу выканання праграмы развіцця малых гарадоў. Статус малых гарадоў у вобласці маюць 40 населеных пунктаў. У іх пражывае амаль 262 тыс. чалавек - кожны пяты жыхар вобласці. Звыш 60% з іх - людзі працаздольнага ўзросту. -0-