Віцебская вобласць першай у Беларусі плануе прыняць праграму барацьбы з артэрыяльнай гіпертэнзіяй

21 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская вобласць першай у Беларусі плануе прыняць абласную праграму барацьбы з артэрыяльнай гіпертэнзіяй. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА, старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання па артэрыяльнай гіпертэнзіі, загадчык кафедры тэрапіі №1 факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (ВДМУ) Уладзіслаў Падпалаў перад адкрыццём V Міжнароднай канферэнцыі "Артэрыяльная гіпертэнзія ў аспекце вырашэння праблемы дэмаграфічнай бяспекі" у ВДМУ. Стварэнне такой мэтавай комплекснай праграмы, якая абмяркоўвалася на ўсіх узроўнях і распрацоўшчыкамі якой выступаюць аблвыканкам і медуніверсітэт, стане першым досведам не толькі на рэгіянальным, але і на рэспубліканскім узроўнях, падкрэсліў Уладзіслаў Падпалаў. Праграма разлічана на 5 гадоў і будзе рэалізоўвацца ў некалькі этапаў. Яе выкананне дазволіць дамагчыся зніжэння колькасці інфарктаў і інсультаў, а таксама зніжэння смяротнасці ад хвароб сістэмы кровазвароту на Віцебшчыне ў бліжэйшыя 3-5 гадоў. Такога выніку плануецца дасягнуць перш за ўсё за кошт больш эфектыўнага выкарыстання новых тэхналогій у сферы барацьбы з артэрыяльнай гіпертэнзіяй, адзначыў Уладзіслаў Падпалаў. "Фактычна мы ўжо прыступілі да яе выканання з лютага бягучага года, цяпер яшчэ дадаткова абмяркуем яе палажэнні ў ходзе канферэнцыі, пасля чаго дакумент будзе вынесены на зацвярджэнне аблвыканкама", - сказаў ён. На канферэнцыі плануецца таксама абмеркаваць ход выканання Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Яе асноўная задача - стабілізацыя дэмаграфічнай сітуацыі і павелічэнне працягласці жыцця, а барацьба з артэрыяльнай гіпертэнзіяй павінна ў гэтым адыграць ключавую ролю, упэўнены Уладзіслаў Падпалаў. Акрамя таго, адно з мерапрыемстваў канферэнцыі будзе прысвечана абмеркаванню нацыянальных рэкамендацый па артэрыяльнай гіпертэнзіі, якія з'яўляюцца па сутнасці алгарытмам дзеянняў для ўрача першаснага звяна ў лячэнні гэтай хваробы. У рабоце канферэнцыі, якая завершыцца 22 мая, прымаюць удзел вучоныя і медыкі з Беларусі, Расіі, Польшчы, Швецыі і Грэцыі.-0-