Віцебская вобласць плануе рабіць стаўку на інавацыі і развіццё прадпрыемстваў, якія працуюць на мясцовай сыравіне
Сёння забяспечыць паспяховасць сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна здольна эфектыўная праца на канчатковы вынік кожнага яго жыхара. Аб гэтым ішла размова 22 снежня на сесіі абласнога Савета дэпутатаў.
Будучы год пачынае чарговую пяцігодку, а значыць, закладвае асновы сярэднетэрміновай перспектывы развіцця вобласці. Першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў яшчэ раз акцэнтаваў увагу кіраўнікоў на тым, што 2016-ы стане перыядам жорсткіх бюджэтных абмежаванняў.
У такіх умовах трэба будзе мабілізаваць усе рэсурсы і рэзервы для вяртання на траекторыю росту рэгіянальнай эканомікі. Упершыню ўводзіцца практыка ключавых паказчыкаў эфектыўнасці працы. Іх пералік у бліжэйшы час будзе вызначаны ўрадам, а колькасныя параметры ўстаноўлены рашэннем аблвыканкама і даведзены да кожнага кіраўніка райвыканкама, а таксама ўсіх гаспадарчых таварыстваў з пераважнай доляй дзяржаўнай уласнасці.
– Ніякіх спасылак на зменлівыя ўмовы быць не павінна. Неабходна дакладна разумець, што за гэтымі паказчыкамі стаіць збалансаванасць эканомікі і бюджэту, вырашэнне сацыяльных пытанняў, рост дабрабыту людзей,
– падкрэсліў першы намеснік старшыні аблвыканкама. Тым больш што год будзе насычаны найважнейшымі грамадска-палітычнымі падзеямі, у тым ліку трэба будзе забяспечыць падрыхтоўку і правядзенне выбараў дэпутатаў ніжняй палаты парламента, якія пройдуць, па папярэдніх даных, восенню 2016-га.Як адзначыў Генадзь Грэбнеў, у пяцігодцы, якая завяршаецца, на Віцебшчыне ўдалося забяспечыць паступальны рух наперад у эканамічнай сферы, захаваць стабільную сацыяльна-палітычную абстаноўку. Хоць яе фінальны год складаўся няпроста, у цэлым за гэты перыяд дасягнуты рост валавога рэгіянальнага прадукту, павялічыліся аб'ёмы прамысловай вытворчасці, рознічнага тавараабароту, экспарту тавараў і паслуг, рэальнай заработнай платы. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ўзрасла ў 4 разы, прыбытак – у 7 разоў, павысілася рэнтабельнасць продажаў, у тым ліку ў прамысловасці, будаўніцтве, сферы паслуг і г.д.
Асноўнымі мэтамі сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці на перспектыву з'яўляюцца павышэнне канкурэнтаздольнасці эканомікі і ўзроўню жыцця насельніцтва. Зыходзячы з гэтага сфарміраваны тактычныя задачы па сферах жыццядзейнасці, паспяховасць вырашэння якіх дазволіць выканаць асноўны паказчык – рост валавога рэгіянальнага прадукту (100,4%).
Асноўнай задачай для прамысловага комплексу павінна стаць забеспячэнне эфектыўнага развіцця прадпрыемстваў, павелічэнне выпуску прадукцыі. Для гэтага трэба прыняць меры па загрузцы наяўных магутнасцей, зніжэнні затрат, асваенні новых відаў прадукцыі і ўкараненні перадавых тэхналогій. Трэба рабіць стаўку на апярэджальнае развіццё прадпрыемстваў, якія працуюць на мясцовай сыравіне.
Хоць сельская гаспадарка рэгіёну апынулася ў складанай фінансавай сітуацыі, зробленыя крокі, у тым ліку па стварэнні буйных інтэграваных структур, даюць падставу аптымістычна глядзець у будучыню. Але для гэтага Генадзь Грэбнеў запатрабаваў ад спецыялістаў кардынальна перабудаваць свядомасць і працу па развіцці сельгаспрадпрыемстваў.
У гэтым сектары трэба павялічыць прадукцыйнасць надойнага статка, працягнуць развіццё мясной жывёлагадоўлі і аднаўленне пагалоўя свіней, забяспечыць жывёлагадоўлю таннымі кармамі ўласнай вытворчасці і рэалізаваць шэраг іншых мерапрыемстваў. Усё гэта павінна быць падпарадкавана дасягненню асноўнай мэты – аднаўленню прыросту валавой прадукцыі АПК, павелічэнню выручкі не менш чым на 20%, выхаду на бязстратную працу.
– Галоўнае – эфектыўна распарадзіцца рэсурсамі, зарабіць грошы і прыбытак,
– лаканічна сфармуляваў арыенціры для вяскоўцаў Генадзь Грэбнеў.Заданне ўрада па экспарце на 2016 год прадугледжваецца выканаць за кошт далейшага павелічэння ступені перапрацоўкі экспартуемай прадукцыі, нарошчвання паставак на 6-8% на рынкі краін Блізкага Усходу, Сярэдняй Азіі і Еўропы. Мясцовым экспарцёрам трэба захаваць свае пазіцыі ў Расіі і СНД з дапамогай пашырэння асартыменту адгружаемых тавараў. Яшчэ адзін рэсурс нарошчвання экспартнай выручкі – прыцягненне замежнікаў на новыя турыстычныя аб'екты ў Глыбоцкім, Бешанковіцкім і Расонскім раёнах.
Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».