Віцебская вобласць плануе па гадавых аб'ёмах будаўніцтва жылля да 2015 года выйсці на 1,2 млн. кв.м
27 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская вобласць плануе ў 2011-2015 гадах пастаянна нарошчваць аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва і да канца пяцігодкі выйсці на гадавы аб'ём у 1,2 млн. кв. м жылой плошчы. Аб гэтым паведаміў журналістам намеснік старшыні аблвыканкама Анатоль Дзюлін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У 2011 годзе ў вобласці плануецца ўвесці ў эксплуатацыю каля 850 тыс. кв. м, што складае 118% да задання бягучага года. У будучай пяцігодцы аблвыканкам будзе надаваць большую ўвагу архітэктурнаму абліччу абласнога цэнтра і гарадоў рэгіёна, таму адным з прыярытэтаў стане будаўніцтва прыгожых, дабратных дамоў у розным архітэктурным выкананні і з прымяненнем сучасных дызайнерскіх рашэнняў. "Мы маем намер сысці ад аднастайнасці панэльнага домабудавання, таму нацэліваем будаўнічы комплекс на тое, каб мець гатовы канчатковы прадукт на любы густ, няхай гэта будуць жылыя дамы, узводзімыя з дзяржаўнай падтрымкай або камерцыйнае жыллё, жыллё павышанай камфортнасці", - адзначыў Анатоль Дзюлін. Разам з будаўніцтвам панэльных дамоў тыпавых спажывецкіх якасцей як найбольш даступнага жылля для чаргавікоў, прадугледжваецца таксама арыентаваць будстрэсты на ўзвядзенне дамоў з выкарыстаннем сучасных тэхналогій будаўніцтва, стымуляваць малапавярховую забудову, што дазволіць пашырыць прапанову для грамадзян з дастатковым узроўнем даходу, якія жадаюць палепшыць жыллёвыя ўмовы.
Асноўнымі пляцоўкамі жыллёвага будаўніцтва ў Віцебску будуць некалькі новых мікрараёнаў. Так, пасля завяршэння забудовы мікрараёна Білева-1, дзе плануецца ўзвесці ўсяго каля 280 тыс. кв. м жылля, будаўнікі прыступяць да актыўнага асваення тэрыторыі пад мікрараён Білева-2. У 2011 годзе завершацца работы ў мікрараёне Медцэнтр і пачнецца будаўніцтва мікрараёна Лучоса. Паралельна будуць узводзіцца буйныя аб'екты сацыяльнага прызначэння. У Білева ў бягучым годзе будзе адкрыты новы дзіцячы сад на 170 месцаў, а ў 2011-м плануецца закласці фундаменты пад новую школу і яшчэ два дзіцячыя сады. Працягнецца практыка кропкавай жылой забудовы ўжо сфарміраваных гарадскіх тэрыторый. У гэтым плане цікавым абяцае стаць мікрараён у раёне вуліц Чапаева і Міра, дзе прадугледжваецца знесці 8 абветшалых дамоў і на іх месцы ўзвесці 7 шматпавярховых жылых будынкаў (да 20 паверхаў). Таксама будзе развівацца індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва, для задавальнення патрэб у зямельных участках індывідуальных забудоўшчыкаў горад праектуе два мікрараёны на ўскраіне ў перспектыўнай гарадской рысе.
Па выніках 2010 года ў вобласці плануецца пабудаваць больш за 720 тыс. кв. м жылой плошчы, з якіх каля 300 тыс. кв. м будзе здадзена ў эксплуатацыю ў абласным цэнтры.-0-