Віцебская вобласць плануе сабраць больш за 1 млн. т збожжа ў амбарнай вазе
30 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Уборачная кампанія ў Віцебскай вобласці ідзе па намечаным плане, хоць з-за ўмоў надвор'я ўраджай плануецца на ўзроўні больш як 1 млн.т збожжа ў амбарнай вазе. Пра гэта паведаміў сёння журналістам старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У гэтым годзе вобласць намяціла арыенцір на ўборачную ў 1,5 млн.т збожжа бункернай вагі. Такое збожжа і стаяла на палях, але карэктывы ўнесла анамальная спёка, адзначыў старшыня аблвыканкама. "Ужо ў першай дэкадзе ліпеня ўсе палі былі жоўтыя, а колас не паспеў наліцца, з-за чаго ў выніку мы недабяром частку ўраджаю", - сказаў Аляксандр Косінец. Пры гэтым з-за спякотнага надвор'я ўборка вядзецца практычна на амбарную вагу, бо вільготнасць збожжа складае 10-12% і збожжасушыльныя комплексы амаль не працуюць.
У цэлым вобласць спакойна ідзе да намечанай мэты, упэўнены старшыня аблвыканкама. Усяго скашана каля 40% збожжавага кліну, намалочана каля 450 тыс.т збожжа. Трэба ўбраць яшчэ каля 75% яравых і 40% азімых культур, а гэта больш як 250 тыс.га плошчаў. Таксама сёлета вобласць упершыню адвяла пад кукурузу на збожжа каля 25 тыс.га, да ўборкі якой плануецца прыступіць у першых чыслах верасня. У вобласці распрацавана стратэгія развіцця аграпрамысловага комплексу, і раслінаводства здольна ўнесці свой уклад у павышэнне валавай вытворчасці АПК вобласці, дадаў Аляксандр Косінец.-0-