Віцебская вобласць плануе падвоіць вытворчасць сельгаспрадукцыі да 2015 года

2 верасня, Россоны /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Стратэгіяй развіцця АПК Віцебскай вобласці на будучую пяцігодку прадугледжваецца падваенне вытворчасці сельгаспрадукцыі да 2015 года да аб'ёму не менш за Br3 трлн. Пра гэта заявіў сёння ў Росанах старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец на абласным свяце працаўнікоў вёскі "Дажынкі", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Зацверджаная ў рэгіёне праграма развіцця на 2011-2015 гады дазволіць аграпрамысловаму комплексу выйсці на станоўчую рэнтабельнасць без дзяржаўных датацый ужо да 2013 года, а яшчэ праз два гады атрымаць рэнтабельнасць не менш за 5,7%. Аб'ём вырабленай прадукцыі да 2015 года павінен скласці ў грашовым выразе не менш за Br3 трлн., палова якой будзе экспартавацца. Эфектыўная праца па праграме надасць якасна іншае развіццё АПК Віцебшчыны, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Па яго словах, вобласць ужо ў бягучым годзе прыступіла да рэалізацыі перспектыўнай стратэгіі. На сённяшні дзень асноўныя сельгасработы завершаны, за выключэннем пад'ёму зяблю пад пасяўную 2011 года. Нягледзячы на складаныя ўмовы надвор'я, якія не дазволілі дадаткова сабраць каля 600 тыс.т збожжа, каравай вобласці сёлета важыць каля 930 тыс.т. Віцебшчына цалкам выканала дзяржзаказ па пастаўках збожжа, забяспечана фуражным збожжам і насеннем. На ільноным полі атрымана ўраджайнасць 8,5 ц ільнавалакна з 1 га, што з'яўляецца рэкордным паказчыкам у гісторыі вобласці. Забяспечанасць кармамі складзе 25 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Азімыя збожжавыя пасеяны на 250 тыс.га з выкананнем усіх агратэхналогій, што павінна забяспечыць ураджайнасць у будучым годзе на ўзроўні 40 ц/га. Збожжавы клін вобласці складзе 500 тыс.га, пад кукурузу будзе адведзена 100 тыс.га, яшчэ 100 тыс.га зойме рапс, лён будзе пасеяны на 20 тыс.га. У 2011 годзе вобласць павінна імкнуцца да ўраджаю ў 2 млн.т, а таксама атрымаць не менш за 1 млн.т малака, 227 тыс.т мяса. "Такім чынам, нам удасца цалкам вырашыць задачу па забеспячэнні харчовай бяспекі і эфектыўнай працы АПК", - упэўнены Аляксандр Косінец.-0-