Віцебская вобласць плануе павялічыць пасевы лёну

Віцебская вобласць плануе павялічыць пасевы лёну. Пра гэта паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай абласным святу "Дажынкі-2018", старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў.

"Мы выразна разумеем, што трэба зрабіць у ільнаводстве вобласці. Яшчэ год і пяройдзем на плошчы да 17-18 тыс. га, што дазволіць цалкам загрузіць наяўныя магутнасці", - сказаў Мікалай Шарстнёў. Паводле яго слоў, у цяперашні час работа па развіцці галіны вядзецца па некалькіх напрамках, звязаных з мадэрнізацыяй ільнозаводаў і абнаўленнем спецыялізаванай тэхнікі для забеспячэння тэхналогіі вырошчвання лёну.

"Па сутнасці, у нас адзін тэхналагічны льнозавод - Дубровенскі. У Аршанскім раёне да тэхналагічнага завяршэння давядзём у 2019 годзе. Усе астатнія льнозаводы старыя, са значным зносам абсталявання, - канстатаваў губернатар. - У наступным годзе больш сур'ёзна падыдзем да мадэрнізацыі льнозаводаў, каб замяніць вузлы і элементы ліній".

Закранаючы абнаўленне тэхнікі, Мікалай Шарстнёў адзначыў, што сёлета практычна для ўсіх льнозаводаў вобласці набыта каля 190 адзінак спецыялізаванай тэхнікі рознага прызначэння - ад узворвання да ўборкі лёну. Дзякуючы гэтаму тэмпы ўборкі культуры ў Віцебскай вобласці істотна вышэйшыя за леташнія.

"Мы ў 2,5 раза хутчэй, чым летась, убралі лён, удвая хутчэй вытрэбалі, адпаведна, ён раней вылежаўся", - падкрэсліў кіраўнік вобласці. Як паведамілі ў аблсельгаспрадпрыемстве, сёлета пасяўныя плошчы лёну ў Віцебскай вобласці склалі 14 тыс. га. З-за ўмоў надвор'я на 900 га пасевы загінулі. Па стане на 27 верасня, у вобласці заціснута ільнатрэста з 11,4 тыс. га, што больш чым у два разы перавышае леташні ўзровень.

БЕЛТА.