Віцебская вобласць плануе павялічыць у 2011 годзе экспарт медуслуг да Br17 млрд.

10 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА. Медыцынскія ўстановы Віцебскай вобласці плануюць павялічыць у 2011 годзе аб'ём экспарту медуслуг да Br17 млрд. Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення аховы здароўя аблвыканкама Юрый Дзеркач, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па выніках 2010 года экспарт медыцынскіх паслуг у вобласці вырас у два разы ў параўнанні з 2009 годам. Калі ў мінулым годзе медустановы аказалі замежным пацыентам паслуг на суму каля $450 тыс., то ўжо за першы месяц 2011 года гэты паказчык склаў каля $100 тыс. Імклівыя тэпы развіцця экспарту паслуг удаецца забяспечваць за кошт сістэмнай работы па некалькіх напрамках. Перш за ўсё гаворка ідзе аб маштабным абнаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы аховы здароўя. У 2010 годзе на мадэрнізацыю і рэканструкцыю аб'ектаў аховы здароўя ў вобласці накіравана амаль Br43 млрд. Для медустаноў набываецца сучаснае высокатэхналагічнае дыягнастычнае і лячэбнае абсталяванне. Віцебскія спецыялісты актыўна асвойваюць найноўшыя тэхналогіі лячэння, пры гэтым акцэнт робіцца на ўкараненне высокатэхналагічных аператыўных умяшанняў у лячэбных установах раённага ўзроўню. Развіццё высокатэхналагічнай дапамогі на раённым узроўні дае магчымасць выкарыстоўваць выгаднае геаграфічнае становішча Віцебскай вобласці для нарошчвання аб'ёмаў экспарту паслуг. Значная колькасць замежных пацыентаў складаюць грамадзяне Расійскай Федэрацыі, Літвы і Латвіі, з якімі вобласць мае агульныя межы. Пры гэтым у рэгіёне ствараюцца ўмовы для таго, каб у летні сезон замежныя турысты нароўні з адпачынкам на азёрах Прыдзвінскага краю змаглі паправіць сваё здароўе ў мясцовых лячэбных установах. Для зручнасці замежных пацыентаў у вобласці дзейнічае спецыялізаваны цэнтр медыцынскага турызму, які займаецца актыўным прасоўваннем медыцынскіх паслуг на знешнія рынкі, а таксама створаны сайт у інтэрнэце, дзе кожны жадаючы можа азнаёміцца з рэестрам медыцынскіх паслуг, што аказваюцца ў рэгіёне, і іншай суправаджальнай інфармацыяй. Замежнымі пацыентамі найбольш запатрабавана дапамога віцебскіх спецыялістаў-практолагаў, кардыёлагаў, стаматолагаў, а таксама акушэр-гінеколагаў. Нарашчэнне экспарту медыцынскіх паслуг дае магчымасць зарабляць сродкі для далейшага развіцця аб'ёмаў і відаў медыцынскай дапамогі ў вобласці звыш нарматываў сацыяльных стандартаў, павысіць даступнасць высокатэхналагічнай меддапамогі для жыхароў вобласці, а таксама паспяхова вырашаць пытанні прафесійнага росту спецыялістаў раённага звяна аховы здароўя, адзначыў Юрый Дзеркач.-0-