Віцебская вобласць плануе ў 2010 годзе сабраць 1,5 млн. т збожжа
18 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Аграпрамысловы комплекс Віцебскай вобласці павінен забяспечыць у 2010 годзе намалот збожжа ў 1,5 млн. т. Такую задачу паставіў сёння старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец на сесіі абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Залогам добрага ўраджаю-2010 павінна стаць значная праца па мадэрнізацыі і павышэнні эфектыўнасці эканомікі аграпрамысловага комплексу, праведзеная ва ўходячым годзе, адзначыў кіраўнік вобласці. Так, дадаткова ўведзена ў севазварот каля 113 тыс. га ворнай зямлі, набыта амаль 2,7 тыс. адзінак тэхнікі, што дазволіла істотна палепшыць якасць земляробства і сабраць рэкордны за апошняе дзесяцігоддзе ўраджай у 1 млн. 174 тыс. т збожжа. Нарыхтавана 1 млн. 154 тыс. кармавых адзінак з траў, што на 25% вышэй за вынік 2008 года, гэта дае магчымасць эфектыўна вырашаць пытанні развіцця жывёлагадоўлі. У аграпрамысловым комплексе тэмп росту валавой прадукцыі па выніках года складзе 109-110% у грамадскім сектары, аднак зніжэнне гэтага паказчыка ў хатніх гаспадарках не дазволіць выканаць гадавы прагноз у цэлым па галіне. У будучым годзе неабходна надаць пільную ўвагу развіццю хатніх гаспадарак, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Да канца года ў вобласці будуць уведзены ў строй 45 аграгарадкоў і 21 малочна-таварная ферма. Разам з тым менш сабрана бульбы і кармавых кораняплодаў, на ільнозаводы паступіла для перапрацоўкі ільнапрадукцыі на 40% менш, чым у 2008 годзе.
Пад пасяўныя плошчы ў 2010 годзе плануецца адвесці да 500 тыс. га і трэба будзе забяспечыць намалот збожжа ў 1,5 млн. т. Акрамя таго, працягнецца праца па мадэрнізацыі прадпрыемстваў АПК, плануецца набыць звыш 2,8 тыс. адзінак тэхнікі, пабудаваць 50 сучасных збожжасушыльных комплексаў. Старшыня аблвыканкама таксама лічыць неабходным працягнуць працу па паглыбленні спецыялізацыі гаспадарак, навядзенні парадку на зямлі. Акрамя таго, трэба будзе правесці вялікую працу па тэхпераўзбраенні жывёлагадоўлі. "Усе ўмовы для выканання пастаўленых задач у вобласці маюцца, неабходна толькі дакладная сістэма арганізацыі і кіравання", - лічыць старшыня аблвыканкама.-0-