Віцебская вобласць плануе зарабіць на рэспубліканскім суботніку не менш Br1 млрд.
8 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская вобласць плануе зарабіць падчас рэспубліканскага суботніка не менш за Br1 млрд. Пра гэта паведаміў сёння падчас пасяджэння рабочай групы па правядзенні суботніка першы намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Святаслаў Зароўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Плануецца, што ў мерапрыемстве возьмуць удзел звыш 450 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці. Работнікі прамысловых прадпрыемстваў у большасці сваёй будуць працаваць у гэты дзень на працоўных месцах. Служачыя арганізацый і ўстаноў зоймуцца добраўпарадкаваннем паркаў, вуліц, сквераў, воінскіх пахаванняў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой славы і іншых аб'ектаў. Частку людзей плануецца накіраваць на сельскагаспадарчыя работы ў дапамогу працаўнікам вёскі, у якіх ужо пачалася гарачая пасяўная пара.
Поўны пералік аб'ектаў, на якіх давядзецца папрацаваць 11 красавіка, у кожным горадзе і раёне вобласці будзе сфарміраваны ў бліжэйшыя дні. Аднак ужо вядома, што калектыў Віцебскага аблвыканкама, напрыклад, будзе заняты на будаўніцтве новага мікрараёна Медцэнтр.
Палова заробленых у ходзе рэспубліканскага суботніка сродкаў застанецца вобласці і пойдзе на рамонт, рэканструкцыю, аднаўленне і добраўпарадкаванне мемарыяльных комплексаў рэгіёну, месцаў баявой славы, пахаванняў воінаў і партызан ВАВ, а таксама падрыхтоўку загарадных аздараўленчых лагераў да летняга сезона і добраўпарадкаванне аграгарадкоў. Іншая палова, пералічаная Мінфіну, будзе накіравана на фінансаванне мерапрыемстваў па развіцці дзеючай і стварэнні дадатковай інфраструктуры аграгарадкоў.-0-