Віцебская вобласць па тэмпах яравога севу знаходзіцца на другім месцы ў рэспубліцы
Па рэспубліканскім заданні наш яравы клін складае 323 тыс. га і засеяны на 71,4%.
У гутарцы з журналістамі намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Ефрэмаў адзначыў, што сёлета надвор'е дазволіла весці работы нараўне з іншымі рэгіёнамі Беларусі, хоць яны выйшлі на палі на паўтары-два тыдні раней. Нямала важную ролю адыгрывае закупленая за апошнія тры гады сучасная тэхніка. Амаль на палове штодзённа засяваемых рознымі культурамі 10-12 тыс. га працуюць новыя агрэгаты.
Два дні таму выкананы рэспубліканскі план па севе збожжавых і збожжавых бабовых (161 тыс. га). Абласное заданне перавышае яго на 43 тыс. га, так што работы некаторы час будуць працягвацца. Лён плануецца пасеяць на працягу найбліжэйшага тыдня, кукурузу – да 9 мая. Для выканання ўсіх работ ёсць тэхніка, насенне, паліва.
Пад жніво-2019 запланавана 400-430 тыс. га яравых і азімых збожжавых і збожжавых бабовых культур. Для забеспячэння патрэб жывёлагадоўлі трэба атрымаць 850 тыс. фуражу, выканаць дзяржзаказ у 115 тыс. т і вярнуць у дзяржрэзерв 100 тыс. т, якія бралі для падтрымання свінагадоўлі і птушкагадоўлі ў неўраджайныя 2017-ы і 2018-ы.
Надвор'е дазваляе весці сеў высокімі тэмпамі, аднак турбуе адсутнасць дажджоў. Пакуль на палях вільгаць ёсць, але яе не хапае.