Віцебская вобласць далучылася да міжнароднай праграмы па рэсурсаэфектыўнай і чыстай вытворчасці

Витебская область подключилась к международной программе по ресурсоэффективному и чистому производству

Віцебшчына стала ўдзельнікам дэманстрацыйнай праграмы ЮНІДА (Арганізацыі Аб’днаных Нацый па прамысловым развіцці) па рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці.

Праграма рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці (РЭ/БЧП) дзейнічае ў 55 краінах, якія развіваюцца, і краінах з пераходнай эканомікай. У Беларусі яна пачала рэалізоўвацца ў 2014 годзе, у праект ужо ўцягнуты арганізацыі Мінска і Мінскай вобласці, на Віцебшчыне першым стала прадпрыемства «Вітэла», з якім больш за месяц таму было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве. Таксама ў рамках пашырэння ўзаемадзеяння рэгіёна з каардынатарамі і экспертамі праграмы РЭ/БЧП пры актыўным садзейнічанні Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя быў арганізаваны семінар «Эфектыўныя прадпрыемствы – чыстае навакольнае асяроддзе – «Зялёная эканоміка», у якім прынялі ўдзел больш за 30 прадстаўнікоў арганізацый харчовай, будаўнічай і хімічнай прамысловасці вобласці.

Як распавёў нацыянальны каардынатар праекта Сяргей Дарожка, галоўная задача праграмы – пазбегнуць забруджвання навакольнага асяроддзя за кошт максімальнага змяншэння выкарыстання рэсурсаў і сыравіны. Для гэтага неабходна, каб больш высокі працэнт сыравіны ператвараўся ў прадукцыю, а не адходы. Эксперты – спецыялісты ў галіне рэсурсаспажывання, аховы навакольнага асяроддзя, якія прайшлі навучанне па міжнароднай методыцы РЭ/БЧП ЮНІДА, праводзяць аналіз вытворчых працэсаў, эфектыўнасці працы абсталявання, выяўляюць найбольш энерга- і рэсурсаёмістыя працэсы. Па выніках тэхніка-экалагічнай ацэнкі яны прапануюць комплекс мер, якія дазволяць не толькі мінімізаваць уздзеянне на навакольнае асяроддзе, але і скараціць выдаткі. Практыка паказвае, што нават адно мерапрыемства, ужытае пасля аўдыту, можа дазволіць вытворцу эканоміць да дзвюх тысяч еўра. Таксама аказваецца дапамога ў рэалізацыі рэкамендаваных варыянтаў паляпшэння эфектыўнасці выкарыстання рэсурсаў і больш чыстай вытворчасці і пошуку іх фінансавання. Сяргей Уладзіміравіч таксама падкрэсліў, што праграма дэманстрацыйная – гэта значыць, што эксперты ў сваёй дзейнасці не змогуць ахапіць усе прадпрыемствы Беларусі, таму адна з задач, якія стаяць перад каардынатарамі праекта, – расказаць пра методыку, навучыць работнікаў і спецыялістаў арганізацый бачыць магчымыя недахопы ў працэсе вытворчасці, бо пры адпаведнай падрыхтоўцы каманда з эколагаў, тэхнолагаў і эканамістаў самастойна зможа выявіць страты і знайсці спосабы іх скарачэння.

На мінулым семінары эксперты Ірына Пякур і Дзмітрый Конік распавялі прадстаўнікам прадпрыемстваў аб асноўных кампанентах рэсурсаэфектыўнай і больш чыстай вытворчасці: рацыянальным выкарыстанні і выбары крыніц матэрыялаў, вады, энергіі, мінімізацыі і бяспечнай утылізацыі адходаў, сцёкавых вод і выкідаў. Станоўчых вынікаў можна дамагчыся за кошт добрага гаспадарання, карэкціроўкі патоку ўваходных матэрыялаў, іх другаснага выкарыстання, паляпшэння кантролю вытворчасці, змены абсталявання і самога тэхналагічнага працэсу, вырабу карыснай спадарожнай прадукцыі і змены выпускаемага прадукту.

Пасля прэзентацыі ўдзельнікі форуму ў ходзе зацікаўленага дыялогу абмеркавалі магчымыя спосабы паляпшэння эканамічных вынікаў і экалагічнай эфектыўнасці дзейнасці прадпрыемстваў Віцебшчыны.

Наталля Камлёва, «Віцебскія весці».