Віцебская вобласць далучылася да падрыхтоўкі новых праектаў па латвійска-літоўска-беларускай праграме на 2016-2020 гады
Пра гэта было сказана на трэцяй па ліку сустрэчы гарадоў-пабрацімаў і партнёраў Беларусі і Латвіі, арганізаванай БГА "Пабрацімы гарадоў" сумесна з Віцебскім аблвыканкамам, Аршанскім райвыканкамам, якая адбылася ў Оршы.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч, старшыня праўлення БГА «Пабрацімы гарадоў» Барыс Батура, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Латвіі ў Рэспубліцы Беларусь спадар Міхаіл Попкоўс, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Латвіі Марына Далгаполава, кіраўніцтва Аршанскага райвыканкама і прадстаўнікі рэгіёнаў вобласці.
«
Латвія ўваходзіць у дзесятку дзяржаў, прадпрыемствы якіх з'яўляюцца асноўнымі гандлёвымі партнёрамі Віцебскай вобласці, – адзначыў на ўрачыстым адкрыцці сустрэчы Алег Мацкевіч. – З трох падобных беларуска-латвійскіх сустрэч дзве прайшлі на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Гэта сведчыць аб наяўнасці ўстойлівых доўгатэрміновых сувязяў паміж рэгіёнамі дзвюх краін і ўзаемным жаданні падтрымліваць іх у далейшым».Штогадовы знешнегандлёвы абарот паміж Віцебскай вобласцю і латвійскімі рэгіёнамі складае каля 120 млн. долараў. На тэрыторыі Віцебшчыны зарэгістравана каля 50 арганізацый з латвійскім капіталам у сферы гандлю, дрэваапрацоўкі, аказання аўтатранспартных паслуг. Запушчаны новыя праекты па арганізацыі выпуску ўпаковачных матэрыялаў, будаўнічых сумесяў, вытворчасці біягазу.
Алег Мацкевіч адзначыў важнасць таго, што паміж рэгіёнамі дзвюх дзяржаў заключана 27 пагадненняў аб супрацоўніцтве (больш – толькі з суб'ектамі Расійскай Федэрацыі). Закладзена трывалая аснова для сумеснай рэалізацыі праектаў, якія фінансуюцца за кошт еўрапейскіх фондаў па супрацоўніцтве ў сацыяльнай сферы, экалогіі і энергетыцы.
Пастаянна вядзецца добраўпарадкаванне пагранпераходаў. З удзелам латвійскіх памежных рэгіёнаў (Даўгаўпілс, Рэзекнэ, Краслава, Прэйлі, Лудза) рэалізуюцца праекты ў сферы турызму, аховы здароўя і адукацыі.
"Важна, што найбольш буйныя праекты "Латвія – Літва – Беларусь" ("Бела Дзвіна-1" і "Бела Дзвіна-2") рэалізаваны сумесна арганізацыямі Віцебскай вобласці і Латвіі. Усяго ў праграме было заяўлена 29 праектаў, мерапрыемствы ў іх рамках працягваюцца і ў цяперашні час. Гэта праца туроператараў на міжнародных выстаўках у Мінску, Рызе і Вільнюсе, правядзенне спаборніцтваў, добраўпарадкаванне музейных комплексаў, бальніц, пагранпераходаў.
Акрамя таго, Алег Мацкевіч распавёў, што з латвійскімі партнёрамі пачата падрыхтоўка новых праектаў па латвійска-літоўска-беларускай праграме на 2016-2020 гады па далейшым развіцці інфраструктуры турызму, будаўніцтве спартыўных, пляцовак для кемпінгаў каля архітэктурных помнікаў, добраўпарадкаванні цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва, укараненні энергазберагальных тэхналогій, процідзеянні прыродным катаклізмам.
Старшыня праўлення БГА "Пабрацімы гарадоў", член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Барыс Батура падкрэсліў, што імкненне да ўзаемадзеяння, памножанае на добразычлівасць і добрасуседства, без сумневу, становіцца эфектыўным механізмам вырашэння шырокага спектру практычных задач, звязаных з якасцю жыцця насельніцтва.
Міхаіл Попкаўс і Марына Далгаполава, у сваю чаргу, выказалі надзею, што цяперашняе мерапрыемства надасць новы імпульс узаемнавыгаднаму супрацоўніцтву, перш за ўсё рэгіёнаў, самакіраванняў і прадпрымальнікаў.
Госці Аршаншчыны наведалі шэраг вядучых прадпрыемстваў і арганізацый раёна, усклалі кветкі да Кургана Бессмяротнасці, пазнаёміліся з экспазіцыяй выставы-кірмашу
«Аршанскія традыцыі».У ходзе сустрэчы адбылося падпісанне дагавораў аб дружбе і супрацоўніцтве паміж раёнамі Віцебскай вобласці і Латвійскай Рэспублікі: Чашніцкі раён – Вілякскі край, Дубровенскі раён – Дагдайскі край, Глыбоцкі раён – Вілянскі край.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"