Віцебская вобласць падпіша дагаворы аб супрацоўніцтве з Адэскай, Віньніцкай і Чаркаскай абласцямі

Віцебскі аблвыканкам плануе падпісаць пагадненні аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з адміністрацыямі Адэскай, Віцебскай і Чаркаскай абласцей на II Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны, які пройдзе ў Жытоміры 3-4 кастрычніка, паведамілі ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.

У склад дэлегацыі Віцебскага рэгіёну, якую ўзначаліць старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, увойдуць кіраўнікі выканаўчых органаў улады, прадпрыемстваў і арганізацый, прадстаўнікі ўстаноў культуры. На пляцоўках форуму плануе заключыць пагадненні і Віцебскае аддзяленне БелГПП - з партнёрамі з Днепрапятроўскай і Жытомірскай гандлёва-прамысловых палат.

Падпісанне поўнамаштабнага дакумента аб супрацоўніцтве стварае добрую аснову для развіцця і ўмацавання міжрэгіянальных сувязяў, дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць наяўны патэнцыял узаемадзеяння на ўзроўні гарадоў і раёнаў. Сёння на дагаворнай аснове развіваюць кантакты Наваполацк і Скадоўск, Орша і Чаркасы, Полацк і Камянец-Падольскі, Браслаўскі раён і Белацаркоўская раённая адміністрацыя, Шумілінскі раён і Белгарад-Днястроўскі. У 2019 годзе ў Віцебску на 8-м форуме "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы" пагадненні аб супрацоўніцтве падпісалі Віцебскі раён і Чугуеў (Харкаўская вобласць), Полацкі райвыканкам і выканкам Абухаўскага гарсавета Кіеўскай вобласці.

Заключэнне дагавораў паміж абласцямі таксама служыць добрым падспор'ем для арганізацыі дзелавых візітаў прамыслоўцаў ва ўкраінскія рэгіёны, развіццю кантактаў у гуманітарнай сферы.

Апошнімі гадамі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва Віцебскай вобласці з украінскімі рэгіёнамі характарызуецца высокімі тэмпамі. Па выніках 2016 года тэмп росту таваразвароту перавысіў 158%, у 2017-м склаў амаль 230%, за 2018-ы - каля 146%. Па дадзеных за студзень-ліпень 2019 года таваразварот склаўся на ўзроўні $164 млн, у тым ліку экспарт дасягнуў амаль $113,7 млн. Найбольшую долю ў таваразвароце займаюць арганізацыі Кіева (30%), Жытомірскай і Днепрапятроўскай абласцей (9,5% і 5,6% адпаведна).

У бягучым годзе найбольшы рост экспарту дасягнуты пры ўзаемадзеянні з партнёрамі з Сумскай вобласці - у 20 разоў, а таксама Цярнопальскай (8 разоў), Мікалаеўскай (4,7 раза) і Львоўскай (3,2 раза) абласцей. Аснову паставак на ўкраінскі рынак складаюць бітуминозны вугаль, звадкаваныя газы, а таксама поліэтылен, сілавы і валаконна-аптычны кабель, шкловалакно. На ўкраінскім рынку харчавання прысутнічае прадукцыя Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі, Глыбоцкага МКК, Аршанскага мясакансервавага камбіната, кандытарскай фабрыкі "Віцьба" і іншых вытворцаў.

БЕЛТА.