Віцебская вобласць прапануе дзелавым колам Паўднёвай Карэі інвеставаць у машына- і аўтамабілебудаванне, а таксама ў развіццё ААТ «Віцязь» і «Тэхніка сувязі».

Витебская область предлагает инвестировать деловым кругам Южной Кореи в машино- и автомобилестроение, а также в развитие ОАО «Витязь» и «Техника связи»

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь Ян Жунг Мо ўзначаліў дыпламатычнае прадстаўніцтва ў нашай краіне чатыры месяцы таму. І першым абласным цэнтрам, які наведаў пасля Мінска Ян Жунг Мо, стаў Віцебск.

У мінулы чацвер паўднёвакарэйскага пасла прымаў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Мацкевіч.

Алег Мацкевіч прадставіў госцю Віцебшчыну як адзін з дынамічна развіваючыхся рэгіёнаў краіны. З часоў Савецкага Саюза захаваліся высокакваліфікаваныя рабочыя, інжынерныя і навуковыя кадры. У Віцебскай вобласці, як падкрэсліў Алег Мацкевіч, ёсць дзе прыкласці сумесныя з Паўднёвай Карэяй намаганні. У прыватнасці, узаемавыгадныя эканамічныя праекты можна рэалізаваць у акцыянерных таварыствах «Віцязь» і «Тэхніка сувязі» (Орша). Падходзячыя вытворчыя плошчы для рэалізацыі праектаў у сферы машына- і аўтамабілебудавання, якімі славіцца Рэспубліка Карэя, маюцца таксама ў Віцебску і Оршы, у Полацку. Прычым для інвестараў беларускім заканадаўствам прадугледжаны найбольш спрыяльныя ўмовы. У сувязі з гэтым Алег Мацкевіч адзначыў, што знешнегандлёвы абарот паміж Паўднёвай Карэяй і Віцебшчынай відавочна недастатковы — 6 мільёнаў долараў за 9 месяцаў бягучага года.

Ян Жунг Мо выказаў упэўненасць, што ёсць усе магчымасці для далейшага развіцця эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашым рэгіёнам і Паўднёвай Карэяй. Кіраўнік дыпламатычнага прадстаўніцтва падкрэсліў, што прыкладзе максімальныя намаганні, каб інфармаваць дзелавыя колы сваёй краіны аб перспектывах эканамічнага супрацоўніцтва з Прыдзвіннем. Прыцягненню інвестыцый будзе спрыяць і паўднёвакарэйскае гандлёвае прадстаўніцтва, адкрыццё якога плануецца ў Мінску ў наступным годзе. Ян Жунг Мо адзначыў высокі ўзровень у Беларусі фундаментальнай навукі, што ўяўляе вялікую цікавасць для яго краіны. Паўднёвакарэйскі пасол перакананы, што інвестыцыйны патэнцыял Віцебскай вобласці высокі.

Віталь СЕНЬКОЎ, "Віцьбічы"