Віцебская вобласць перасягнула леташні намалот збожжа дзякуючы самаадданай працы - А.Косінец
17 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Самаадданая праца хлебаробаў Віцебскай вобласці дазволіла ў 2009 годзе перавысіць леташні намалот. Пра гэта заявіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на сустрэчы з членамі дэлегацыі вобласці на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2009", якая прайшла сёння ў аблвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"На сённяшні дзень валавы збор збожжа склаў 1 млн. 170 тыс. т - гэта трэці вынік па намалоце за ўсю гісторыю існавання Віцебскай вобласці", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор'я, калі палегаласць дасягала 70% пасеваў, хлебаробы вобласці, працуючы часам кругласутачна, арганізавана правялі сяўбу і ўборачную кампанію, завяршыўшы асноўны ўбор ураджаю раней за паўднёвыя рэгіёны краіны. "Вы зрабілі практычна немагчымае", - упэўнены кіраўнік вобласці.
У бягучым годзе дзякуючы падтрымцы дзяржавы ў вобласці праведзена магутная мадэрнізацыя аграпрамысловага комплексу: атрымана больш за 2,1 тыс. адзінак сучаснай тэхнікі, у тым ліку 440 збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў, 250 энерганасычаных трактароў, больш за 250 абаротных плугоў. Важнага выніку ўдалося дасягнуць і за кошт увядзення ў севазварот дадаткова 112 тыс. га плошчаў.
Губернатар пажадаў членам дэлегацыі на "Дажынках-2009" годна прадставіць Віцебскую вобласць, добра адпачыць і па вяртанні са свята з новымі сіламі ўключыцца ў эфектыўную працу па завяршэнні сяўбы азімых і падрыхтоўцы да вясны будучага года. Сёння неабходна арганізаваць работы такім чынам, каб як максімум да 25 верасня завяршыць сяўбу азімых. "Пад азімыя культуры пастаўлена задача засеяць 210 тыс. га, але неабходна павялічыць пасяўныя плошчы яшчэ да 250 тыс. га", - ускладніў задачу хлебаробам Аляксандр Косінец. Акрамя таго, застаецца яшчэ шмат працы па нарыхтоўцы кармоў, у тым ліку па ўборцы кукурузы, клевераў. Вобласць павінна завяршыць асноўныя палявыя работы да 1 кастрычніка і прыступіць да падрыхтоўкі ўраджаю будучага года.
У складзе дэлегацыі Віцебскай вобласці на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі "Дажынкі-2009" больш за 100 хлебаробаў і механізатараў, кіраўнікоў раёнаў і гаспадарак, заслужаных работнікаў сельскай гаспадаркі, у тым ліку больш за 60 пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў па ўборцы збожжавых і зернебабовых культур, па нарыхтоўцы травяных кармоў, а таксама рэспубліканскага агляду-конкурсу "Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў". -0-