Віцебская вобласць прыме ўдзельнікаў лыжнага пераходу ў гонар 65-годдзя Перамогі і 80-годдзя ВДВ
12 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская вобласць прыме ўдзельнікаў расійскай патрыятычнай акцыі "Лыжны пераход у гонар 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 80-годдзя ВДВ", якая пройдзе на тэрыторыі вобласці з 13 па 16 лютага. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўпраўленні ідэалагічнай работы аблвыканкама.
Акцыя стартавала 9 лютага ў Ніжнім Ноўгарадзе і праходзіць па месцах дыслакацыі частак і падраздзяленняў Паветрана-дэсантных войскаў Расіі і Беларусі, а таксама па месцах гераічных баёў часоў Вялікай Айчыннай вайны. Каманда лыжнікаў сфарміравана з выхаванцаў ваенна-патрыятычных класаў Ніжагародскай вобласці і ветэранаў ВДВ. Падчас падарожжа яны наведаюць Пскоў, Полацк, Віцебск, а таксама Смаленск, Вязьму. Агульная працягласць маршруту складае больш за 2,5 тыс. км, у тым ліку каля 600 км удзельнікі пройдуць на лыжах. Завершыцца акцыя 24 лютага ў Маскве.
13 лютага пачнецца беларускі этап акцыі, які пройдзе па Полацкім і Віцебскім раёнах. Удзельнікі пераходу наведаюць Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік. У Віцебску асноўныя мерапрыемствы пройдуць у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе. Расійскія школьнікі сустрэнуцца з ветэранамі злучэння, наведаюць памятныя месцы, пакой баявой славы брыгады, а таксама музей воінаў-інтэрнацыяналістаў. На тэрыторыі часці будуць арганізаваны сумесныя канцэрт і спартыўныя спаборніцтвы. 15 лютага расіяне стануць удзельнікамі памятных мерапрыемстваў Віцебскага гарнізона, прысвечаных Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэты ж дзень у Лужаснянскай школе-інтэрнаце-гімназіі пройдуць прэзентацыі ваенна-патрыятычных класаў Віцебскай і Ніжагародскай абласцей, паказальныя выступленні воінаў 103-й брыгады, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы. Затым удзельнікі пераходу адправяцца ў Смаленск.
Мэтай акцыі з'яўляецца патрыятычнае і духоўна-маральнае выхаванне моладзі, а таксама ўмацаванне дружбы паміж беларускімі і расійскімі навучэнцамі ваенна-патрыятычных класаў. Арганізатарамі пераходу выступаюць міністэрства адукацыі Ніжагародскай вобласці, Ніжагародскі Савет ветэранаў ВДВ і абласная арганізацыя Расійскай Сацыялістычнай Партыі ветэранаў Афганістана.-0-