Віцебская вобласць далучылася да старту акцыі «Нашы дзеці»
Лейтматывам акцыі сёлета стала «Белавежская пошта дабра», бо менавіта ў рэзідэнцыю Дзеда Мароза дзеці з усёй краіны перадаюць велізарную колькасць лістоў з запаветнымі жаданнямі. Усе лісты захоўваюцца ў «чароўным куфары» Дзеда Мароза, які з'яўляецца сімвалам дружбы, шчырасці, падтрымкі, надзеі і любові.
Далучыцца і павіншаваць са стартам добрай акцыі ўсю краіну праз анлайн-трансляцыю сёння змаглі і выхаванцы Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі разам з намеснікам старшыні аблвыканкама Вячаславам Дурновым. Дзеці і дарослыя прадставілі паўночны рэгіён праз невялікае відэапрывітанне, у якім выказалі радасць пачатку марафону дабра і чараўніцтва, дзякуючы якому выконваюцца самыя запаветныя жаданні.
– Сёння нам была прадастаўлена цудоўная магчымасць прыняць удзел у адкрыцці навагодняй акцыі «Нашы дзеці» разам з усёй краінай. Дзяцей чужых не бывае, таму да акцыі з задавальненнем далучаецца мноства арганізацый і прадпрыемстваў нашай вобласці, – адзначыў Вячаслаў Дурноў. – Упэўнены, што ў будучыні мы працягнем адкрываць гэту акцыю ўсёй краінай і такое мерапрыемства стане традыцыяй, як і сама акцыя.
Сёлета ў рамках акцыі «Нашы дзеці» ў вобласці адкрыюцца 34-ы дзіцячы дом сямейнага тыпу, рэзідэнцыі Дзеда Мароза, пройдзе мноства тэатралізаваных прадстаўленняў, флэшмобаў і конкурсаў. Так, ужо сёння жыхароў Віцебска чакае маляўнічае шэсце Дзядоў Марозаў і Снягурак, а на галоўнай ёлцы вобласці будуць запалены навагоднія агні.
"Віцебскія весці"