Віцебская вобласць прыступіла да сяўбы лёну

Аграрыі Віцебскай вобласці сёння прыступілі да сяўбы лёну, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.


"У рэгіёне ўсталяваўся спрыяльны тэмпературны фон для вясновых палявых работ, у выхадныя прайшлі дажджы. І сёння вобласць прыступае да сяўбы лёну. Сёлета ў нас пад культуру адведзена 12 тыс. 650 га", - расказалі ў камітэце.


Пасяўная кампанія ў вобласці набірае абароты. Аграрыі вядуць сяўбу яравога рапсу (работы выкананы на 2%), прыступілі да масавай сяўбы збожжавых і зернебабовых культур - пасяўныя агрэгаты прайшлі 10% ад запланаваных плошчаў. Лідыруе на пасяўной Докшыцкі раён, дзе збожжавымі ўжо засеяна 38,7% плошчаў, у Чашніцкім і Бешанковіцкім раёнах гэтыя работы выкананы на 25,4% і 22% адпаведна. Паралельна з сяўбой гаспадаркі вядуць падкормку азімых культур. У цэлым па вобласці угнаенні ўжо ўнесены на 60%, Шаркаўшчынскі раён гэтыя работы цалкам завяршыў. Што тычыцца структуры пасяўных плошчаў, то збожжавая група ў рэгіёне захавана практычна на ўзроўні мінулага года - 398,5 тыс. га, або 47,1%. Рапс павінен заняць 106 тыс. га. Агульная плошча

сельскагаспадарчых культур у бягучым годзе ў рэгіёне складзе 846 тыс. га.

Алена Ціханава –  БЕЛТА.