Віцебская вобласць пашырае пасяўныя плошчы бабовых, рапсу і шматгадовых траў
Віцебская вобласць пашырае пасяўныя плошчы бабовых, рапсу і шматгадовых траў
Віцебская вобласць змяняе структуру пасяўных плошчаў, павялічваючы пасевы бабовых культур, рапсу і канюшыны. Пра гэта паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
У рэгіёне зацверджаны рабочы план вясновых палявых работ і сфарміравана структура пасяўных плошчаў. Практычна на ўзроўні мінулага года захавана збожжавая група - 398,5 тыс. га, або 47,1% у структуры. Разам з тым з мэтай забеспячэння жывёлагадоўлі бялковымі кармамі плануецца пашырыць пасевы некаторых культур.
"На 25 тыс. га будуць павялічаны плошчы бабовых. Такім чынам, іх у гэтым годзе будзе пасеяна 60 тыс. га (пераважна гэта будзе гарох вусаты). Павялічваем да 106 тыс. га плошчы пад рапс, у тым ліку яравога плануем пасеяць 70 тыс. га і 100% перасеем гэтай культурай палі з загінулым азімым. У цэлым рапсавае поле вобласці пашырыцца на 30 тыс. га. На столькі ж плануецца павялічыць плошчу шматгадовых траў на ворнай зямлі - яны зоймуць 197,4 тыс. га. Увесь цяперашні сеў будзем праводзіць канюшынай. А вось кукурузу наадварот памяншаем на 10 тыс. га - пад гэтую кармавую культуру адведзена 82,7 тыс. га. Скарачэнне абумоўлена высокім коштам насення і дарагім сабекоштам кармавой адзінкі", - распавялі ў камітэце.
Спецыялісты патлумачылі, што рапсавы шрот - крыніца кармавога бялку для жывёлагадоўлі. І ў найбліжэйшай будучыні пасяўныя плошчы пад алейную культуру плануецца пашырыць да 160 тыс. га. Пытанне забеспячэння насеннем і сродкамі абароны вырашае Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Таксама пры падтрымцы канцэрна \"Белспісчапрам\" завод самастойна пачынае вырошчваць рапс у Аршанскім і Талачынскім раёнах. Полі бульбы і агародніны плануецца засяродзіць у гаспадарках, якія маюць сховішчы, тэхніку і адпаведныя тэхналогіі. Агульная пасяўная плошча сельскагаспадарчых культур у рэгіёне складзе ў бягучым годзе 846 тыс. га.