Віцебская вобласць стала першым рэгіёнам у рэалізацыі дабрачыннага праекта адной з буйных кампаній Мінска

Витебская область стала первым регионом в реализации благотворительного проекта одной из крупных компаний Минска
Напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Хрышчэння Гасподняга, у Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска адбылося незвычайнае набажэнства – падзячны малебен у гонар чалавечай дабрадзейнасці. Ушанавалі мецэнатаў-мінчан, а менавіта – ЗАТ «Белзамежбуд».

Напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Хрышчэння Гасподняга, у Свята-Успенскім кафедральным саборы Віцебска адбылося незвычайнае набажэнства – падзячны малебен у гонар чалавечай дабрадзейнасці. Ушанавалі мецэнатаў-мінчан, а менавіта – ЗАТ «Белзамежбуд». Буйная сталічная кампанія аказала пасільную дапамогу чатыром установам паўночнай сталіцы – Віцебскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы, гарадскому цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, а таксама духоўнай семінарыі і адной з нядзельных школ. На сабраныя сродкі былі набыты тэлевізары, стэлажы, бытавая і арганізацыйная тэхніка, прадметы мэблі, пасцельная бялізна, спартыўны інвентар, развіваючыя цацкі, прысмакі і многае іншае.

Падобная акцыя шмат у чым стала магчымай дзякуючы супрацоўніцтву ЗАТ «Белзамежбуд» з Віцебскай епархіяй. Пасля заканчэння ўрачыстай цырымоніі спецыяльнага служэння ў прысутнасці мясцовых уладаў і грамадскасці прадстаўнікам калектыву былі ўручаны граматы кіраўніка Віцебскай епархіі. Як адзначылі прадстаўнікі прадпрыемства, дабрачыннасцю будаўнічая кампанія займалася і раней, але настолькі маштабная акцыя была арганізавана ўпершыню.

– У гэтым годзе мы вырашылі падысці да пытання аказання спонсарскай дапамогі сістэмна, і пачынаем з самага паўночнага рэгіёна краіны – Віцебскай зямлі, – сказаў начальнік юрыдычнага аддзела ЗАТ «Белзамежбуд» Мікалай Аксянчык. – Акрамя таго, мы цесна супрацоўнічаем з Беларускай праваслаўнай царквой, у прыватнасці, з Віцебскай епархіяй, якая і дапамагла нам з выбарам устаноў, якія маюць патрэбу ў дапамозе, а мы ў сваю чаргу стараліся максімальна задаволіць іх патрэбы. Паколькі пробная акцыя прайшла дастаткова паспяхова, спадзяемся зрабіць яе штогадовай, магчыма, у наступны раз у цэнтры ўвагі будзе ўжо іншы рэгіён.

Дарэчы, дадзенае прадпрыемства спецыялізуецца на экспарце будаўнічых паслуг, асноўныя праекты цяпер рэалізуюць у Венесуэле. Але з нядаўніх часоў актывізавалі працу ў Беларусі, прычым не толькі ўзвядзенне жылля, прамысловых аб'ектаў, храмаў, але і мецэнацтва, якое будзе мець працяг.

Намеры аб далейшым супрацоўніцтве, словы падзякі ад кіраўніцтва вобласці выказаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў. Ён таксама распавёў аб буйной дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая праходзіла ў перыяд навагодніх і калядных святаў па ўсёй рэспубліцы.

– Гэта выдатная ініцыятыва, якая дала магчымасць не пакінуць у святочныя дні ніводнага дзіцяці без увагі, у тым ліку дзяцей, якія выхоўваюцца ў сацыяльных установах, прытулках, дамах-інтэрнатах, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч. – Адбылося каля паўтары тысячы ранішнікаў, святаў. Больш за 6 млрд рублёў пайшло на іх правядзенне, падарункі ад мецэнатаў, арганізацый, прадпрыемстваў, грамадскіх аб'яднанняў, на суму ў 1,5 млрд быў закуплены спартыўны інвентар.

Пасля ўрачыстага ўшанавання, сустрэчы з кіраўніцтвам вобласці сталічныя госці адправіліся ў карэкцыйна-развіваючы цэнтр. Там праходзяць навучанне і рэабілітацыю больш за 80 дзяцей з рознымі асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Некаторыя з іх займаюцца стацыянарна, іншых педагогі навучаюць на доме, а малышы да трох гадоў наведваюць заняткі ў групе ранняй комплекснай дапамогі разам з бацькамі. Дзеці з цікавасцю сустрэлі наведвальнікаў. І хай у большасці сваёй гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі не маглі выказаць сваю ўдзячнасць словамі, «дзякуй» яны казалі сэрцам, што часам нашмат шчырэй.

На памяць гасцям выхаванцы і педагогі ўстановы падарылі фігуркі анёлачкаў, зробленыя сваімі рукамі. Што цалкам сімвалічна, паколькі людзі, якія маюць добрыя сэрцы, здольныя на бескарыслівую дапамогу бліжняму і добрыя справы, – гэта свайго роду анёлы-ахоўнікі на зямлі.

Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"

Фота Дзмітрыя Восіпава