Віцебская вобласць у 2009 годзе накіравала на энергазберагальныя мерапрыемствы Br360 млрд.
1 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. На энергазберагальныя мерапрыемствы ў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе накіравана Br360 млрд., паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў Аляксандр Краўчанка.
За кошт укладзеных інвестыцый быў рэалізаваны шэраг буйных энергазберагальных праектаў, якія далі значнае скарачэнне спажывання паліўна-энергетычных рэсурсаў (ПЭР). У прыватнасці, на кацельнай "Цэнтральная" у Лепельскім КУВП ЖКГ уведзена ў эксплуатацыю кагенерацыйная ўстаноўка магутнасцю 1 МВт. Разліковая гадавая эканомія ПЭР у выніку яе ўкаранення складзе 1,3 тыс. тут. На Лукомльскай ГРЭС мадэрнізаваны энергаблок №4 з павелічэннем яго магутнасці на 15 МВт. Гэта павысіць эфектыўнасць вытворчасці электраэнергіі і надзейнасць абсталявання, а таксама дасць эканомію ў 19 тыс. тут у год.
Акрамя таго, ў 2009 годзе ў вобласці запушчана 10 катлаагрэгатаў, якія працуюць на мясцовых відах паліва (МВП), з механізаванай загрузкай, што дасць гадавое павелічэнне выкарыстання МВП на 11,85 тыс. тут. Сур'ёзныя энергазберагальныя праекты рэалізаваны таксама ў ААТ "Нафтан", ААТ "Палімір" і РУП "Віцебскэнерга". За кошт усіх выкананых мерапрыемстваў паказчык па энергазберажэнні па выніках 2009 года склаў у Віцебскай вобласці мінус 9,5%.
Аляксандр Краўчанка адзначыў, што вялікая ўвага надаецца павелічэнню выкарыстання мясцовых відаў паліва. "У 2008 годзе вобласць пераадолела мільённую адзнаку (1056 тыс. тут) спажывання МВП. У 2009 годзе павялічыла гэту лічбу яшчэ на 73,6 тыс. тут. Пры гэтым доля МВП у паліўным балансе вобласці склала 15,3% пры заданні 13,9%, а ў паліўным балансе жыллёва-камунальнай гаспадаркі рэгіёна - 43,8%", адзначыў кіраўнік. -0-