Віцебская вобласць у 2015 годзе зробіць акцэнт на мадэрнізацыю ў радыёэлектроніцы і станкабудаванні

Витебская область в 2015 году сделает акцент на модернизацию в радиоэлектронике и станкостроении

Віцебская вобласць у 2015 годзе зробіць акцэнт на мадэрнізацыі ў галінах радыёэлектронікі і станкабудавання, паведаміў сёння старшыня камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Святаслаў Зароўскі на пазачарговай сесіі абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Мерапрыемствы па развіцці гэтых галін і павышэнні канкурэнтаздольнасці прадукцыі ўнесены ў якасці дапаўнення да рашэння аблсавета ад 18 снежня 2009 года №196 "Аб зацвярджэнні Праграмы "Развіццё прамысловага комплексу Віцебскай вобласці да 2015 года". У прыватнасці, прадугледжваецца стварыць вытворчасці па выпуску паравых стэрылізатараў і паветраных тэрмастатаў у ААТ "Віцязь", экспартна арыентаваных электронных аўтакампанентаў новага пакалення ў ААТ "Віцебскі завод электравымяральных прыбораў", імпартазамяшчальных кампанентаў для электронных сістэм кіравання гідрапрывадамі мабільных машын на заводзе "Вымяральнік", шырокай наменклатуры зубаапрацоўчага абсталявання з лікавым праграмным кіраваннем у ААТ "Вістан".

"Рэалізацыя гэтых мерапрыемстваў дазволіць павялічыць у названых галінах аб'ёмы вытворчасці больш чым на 12% і экспарт больш чым на 10%. Пашырыцца асартымент выпускаемых вырабаў, будзе забяспечана эканомія электраэнергіі, створана 40 працоўных месцаў", - адзначыў Святаслаў Зароўскі. Ён падкрэсліў, што з улікам зменлівай кан'юнктуры рынку, павышэння патрабаванняў з боку спажыўца такія меры па развіцці прамысловага комплексу надзвычай неабходныя. У той жа час прадпрыемствы "Візас", "Эвістар" і некаторыя іншыя сарыентаваны толькі на такіх прамысловых гігантаў рэспублікі, як МАЗ, "Гомсельмаш", МТЗ, і працу па асваенні новых відаў прадукцыі і рынкаў збыту вядуць слаба. Бягучае становішча трэба мяняць без прамаруджвання, заявіў Святаслаў Зароўскі.

Увогуле, па яго словах, прынятая ў 2009 годзе праграма дае рэальны вынік. Праца па павышэнні якасці прадукцыі дазваляе ёй канкурыраваць на сусветным рынку. Прадпрыемствы вобласці ажыццяўляюць гандлёвыя аперацыі са 112 краінамі свету. Удзельная вага экспарту прамысловых прадпрыемстваў за студзень-верасень бягучага года ў агульным аб'ёме экспарту вобласці склала больш за 62%, або $1,3 млрд.

Рэалізавана 80% запланаваных праграмай мерапрыемстваў (больш за 600), на што накіравана каля Br19 трлн. Уведзена больш за 200 вытворчых магутнасцей, асвоены выпуск больш за 600 найменняў інавацыйнай і 150 найменняў імпартазамяшчальнай прадукцыі. Аббноўлены парк абсталявання. Рэалізацыя праграмы дазволіла павялічыць у 2013 годзе аб'ёмы выпуску прамысловай прадукцыі больш чым на 20% да ўзроўню 2009 года. Удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі з 21% у 2010 годзе вырасла да 31% у 2013-м. Удзельная вага запасаў не перавышала 33%. Станоўчая дынаміка па гэтых паказчыках, а таксама рэалізацыі прадукцыі і рэнтабельнасці продажаў назіраецца і ў бягучым годзе.

Кацярына Князева