Віцебская вобласць у студзені-маі павялічыла экспарт на 32,9% да $194,3 млн.
22 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Экспарт Віцебскай вобласці за студзень-май павялічыўся на 32,9% да $194,3 млн., імпарт вырас на 24,4% да $213,4 млн. Сальда знешняга гандлю склалася адмоўным у памеры $19 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
У аблвыканкаме ўдакладнілі, што ў бягучым годзе выкананне прагнозных параметраў па знешнегандлёвай дзейнасці ажыццяўляецца без уліку аб'ёмаў экспарту і імпарту тавараў прадпрыемстваў рэспубліканскага падпарадкавання, нафты і нафтапрадуктаў.
Камунальныя прадпрыемствы павялічылі экспарт на 38,5% у параўнанні са студзенем-маем 2009 года, імпарт - на 42,6%, сальда гандлю склалася станоўчым у памеры $40,3 млн. Найбольш паспяхова спрацавалі прадпрыемствы мяса-малочнай галіны рэгіёна, у тым ліку Полацкі малочны камбінат (тэмп росту экспарту 168%), Лепельскі малочна-кансервавы камбінат (149%), Глыбоцкі мясакамбінат (178%), Віцебскі мясакамбінат (142%), Глыбоцкі малочна-кансервавы камбінат (153%).
У арганізацыях без ведамаснага падпарадкавання экспарт павялічыўся на 33%, імпарт - на 26,9%. Сальда склалася адмоўным у памеры $57,7 млн.
У студзені-маі Віцебская вобласць вяла гандаль з 83 краінамі свету. Тавары пастаўляліся на рынкі 57 дзяржаў, імпартаваліся з 84. Найбольшы аб'ём экспарту тавараў (57%) прыпадае на Расію, а таксама Эстонію, Латвію, Кітай, Турцыю, Украіну, Іран, Германію і Літву.