Віцебская вобласць у студзені-верасні за кошт імпартазамяшчэння зэканоміла амаль $45 млн.

17 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пастаўкі на ўнутраны рынак імпартазамяшчальнай прадукцыі віцебскіх вытворцаў дазволілі рэгіёну зэканоміць за студзень-верасень амаль $45 млн, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама. Цяпер прадпрыемствы рэгіёну ажыццяўляюць выпуск прадукцыі па 125 таварных пазіцыях, якія адносяцца да імпартазамяшчальных. Для насычэння ўнутранага рынку таварамі і нарошчвання аб'ёмаў экспарту павялічана вытворчасць вырабаў з поліпрапілена, харчовай тары з палістыролу, канцэнтрату для вытворчасці заменніка сухога малака, плінтусаў з фарбаванага ПВХ - усё гэта раней пастаўлялася з-за межаў Беларусі. Упершыню ў вобласці на ААТ "Праца-Віцебск" асвоена вытворчасць аднаразовай стэрыльнай бялізны, у ТАА "Полацкая папяровая кампанія" пашыраны асартымент папяровых ручнікоў і туалетнай паперы, якія таксама ўваходзяць у пералік імпартазамяшчальных тавараў. У найбліжэйшы час на прадпрыемстве "Саюз-кабель" плануецца пачаць вытворчасць кабеля браніраванага сталёвай стужкай, што таксама дазволіць айчынным спажыўцам скараціць валютныя выдаткі. За студзень-верасень бягучага года прадпрыемствы Віцебскай вобласці вырабілі імпартазамяшчальных тавараў на суму $150,5 млн, што складае 66,1% да гадавога задання. Агульная сума экспарту гэтай прадукцыі склала $75,6 млн. Фактычна 67,4% ад вырабленага аб'ёму імпартазамяшчальных тавараў рэалізуецца за мяжой.-0-