Віцебская вобласць у бягучым годзе адкрыла для сябе рынкі сямі краін
Віцебская вобласць у бягучым годзе адкрыла для сябе рынкі сямі краін, паведаміў намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Канстанцін Чорны.
Ён растлумачыў, што падведамственныя аблвыканкаму арганізацыі вядуць адгрузку ў 50 краін. У мэтах дыверсіфікацыі продажаў пачата пастаўка розных тавараў нехарчовай групы на рынкі Індыі, Ізраіля, Ірландыі, Камеруна, Рэспублікі Карэя, Люксембурга, Саудаўскай Аравіі. Усяго з 56 краін, вызначаных урадам у якасці перспектыўных, ажыццяўляюцца пастаўкі ў 10 дзяржаў: Грэцыю, Данію, Ірландыю, Іспанію, Камерун, Кувейт, Люксембург, Саудаўскую Аравію, Сінгапур і Харватыю.
Гадавое заданне па экспарце тавараў на новыя перспектыўныя рынкі, усталяванае аблвыканкаму пастановай Саўміна №1239, за студзень-жнівень 2015 года перавыканана ў тры разы. Адгрузкі прадукцыі прадпрыемстваў рэгіёна на гэтыя рынкі склалі $6 млн, што ў параўнанні з 8 месяцамі 2014 года больш у 11,6 раза. "Камунальныя арганізацыі і арганізацыі без ведамаснай падпарадкаванасці за 8 месяцаў гэтага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага павялічылі аб'ёмы продажаў у 20 дзяржаў на $19,6 млн. За кошт дыверсіфікацыі экспарту выраслі пастаўкі ў Харватыю амаль у 22 разы, Сінгапур - у 13,2, Іспанію - у 6,8, Арменію і Германію - у 2,7, Кітай, Румынію і Францыю - у 2,1, Аўстралію і Славакію - у 1,9, Швейцарыю - у 1,8, ЗША - у 1,7", - прывёў лічбы Канстанцін Чорны.
У вартасным выражэнні павелічэнне экспарту забяспечана ў Латвію - на $5,2 млн. У агульным аб'ёме экспарту больш паловы займаюць лесаматэрыялы, таксама адгружаецца кабельная прадукцыя, прысадкі да змазачных алеяў, ільнавалакно. Такі ж прырост продажаў у Германію, у асноўным за кошт паставак драўняных гранул, рукавоў высокага ціску, казеіну, звадкаванага газу, кабельнай прадукцыі, аптычных прыбораў. Выраслі аб'ёмы экспарту ў Сінгапур - на $5,3 млн за кошт прысадак да змазачных алеяў; Чэхію - на $1,3 млн (кабельная прадукцыя, лесаматэрыялы, ільнавалакно); Арменію - на $630 тыс. (кабельная прадукцыя, ветпрэпараты, дзвярныя блокі).
Разам з тым, скараціліся аб'ёмы паставак у 21 краіну, перш за ўсё ў Расію - падзенне экспарту ў гэту краіну на 24,4%, або на $124,2 млн адбылося за кошт зніжэння продажаў мяса-малочных вырабаў, кабеля, прысадак да змазачных алеяў, упакоўкі з пластыку, мяса птушкі. Аднак эканамічнае супрацоўніцтва працягваецца з усімі федэральнымі акругамі і 78 рэгіёнамі. Знізіўся таваразварот з Казахстанам - на 48,4%, або $12,5 млн у сувязі са скарачэннем продажаў мяса-малочных вырабаў і кабеля.
Кацярына Князева, БЕЛТА.