Віцебская вобласць уключаецца ў рэалізацыю праекта па пашырэнні магчымасцей пажылых людзей
Адпраўным пунктам рэалізацыі новага сумеснага праекта БТЧК і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэнні магчымасцей пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства стане круглы стол, які адбудзецца 29 лістапада ў Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
У працы круглага стала возьмуць удзел прадстаўнікі БТЧК, камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, упраўленняў аховы здароўя, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, намеснікі старшынь райвыканкамаў, дырэктары тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў, дзе дзейнічаюць ініцыятыўныя групы пажылых людзей.
Будуць абмяркоўвацца пытанні сацыяльнай актыўнасці пажылых людзей, пройдзе прэзентацыя вопыту работы ініцыятыўных груп з актыўным удзелам пажылых у жыцці супольнасцей (у Віцебскай вобласці дзейнічаюць 20 такіх груп), плануецца таксама вызначыць напрамкі ўзаемадзеяння зацікаўленых бакоў.
Новы сумесны праект БТЧК і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа па пашырэнні магчымасцей пажылых людзей у прыняцці рашэнняў па пытаннях іх паўнавартаснага ўдзелу ў жыцці грамадства стартаваў у Беларусі ў бягучым годзе. Ён разлічаны да сакавіка 2015 года і рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскай камісіі, Аўстрыйскага агенцтва па развіцці, Швейцарскага і Аўстрыйскага Чырвонага Крыжа. Праектнай дзейнасцю плануецца ахапіць Мінскую, Віцебскую, Гродзенскую і Брэсцкую вобласці.
Асноўнымі задачамі новага праекта з'яўляецца высвятленне патрэб беларускіх пенсіянераў, звязаных з іх самарэалізацыяй і задавальненнем сацыяльных патрэб (плануецца правесці спецыяльнае сацыялагічнае даследаванне); дапамога ў падтрымцы ўжо існуючых і фарміраванне новых ініцыятыўных груп; праца з дзяржаўнымі органамі ўлады, інфармаванне іх аб патрэбах пажылых людзей; распрацоўка рэспубліканскай інтэрнэт-платформы для пажылых, на якой будзе размяшчацца карысная і актуальная для гэтай часткі грамадства інфармацыя, а таксама спецыяльныя відэаўрокі, якія навучаюць асваенню інтэрнэт-прасторы.
Алена Ціханава