Віцебская вобласць унесла свой мільён тон збожжа ў агульнарэспубліканскі намалот

Витебская область внесла свой миллион тонн зерна в общереспубликанский намолот

Мільённую тону хлеба сабралі ў ААТ "Шайцерава" (Верхнядзвінскі раён), дзе аддача ад хлебнага поля склала 51,6 ц/га. Усяго ў Верхнядзвінскім раёне, аграрыі якога сёлета дабіліся самай высокай сярод раёнаў вобласці ўраджайнасці - 43 ц/га, ужо ўбрана 70% плошчаў, намалочана 66 тыс. т збожжа.

Учора на палях ААТ "Шайцерава" (Верхнядзвінскі раён) адбылося ўшанаванне лепшых камбайнераў гаспадаркі, ад імя Віцебскага аблвыканкама гэту ганаровую місію выканаў намеснік старшыні Уладзімір Тарэнцьеў, ён уручыў перадавікам сертыфікаты на бытавую тэхніку.

Самаадданая праца хлебаробаў і галоўная роля тэхналогій дазволілі Віцебскай вобласці выгадаваць годны ўраджай збожжавых. Пра гэта заявіў Уладзімір Тарэнцьеў.

"У хлебаробаў Віцебшчыны двайное свята: акрамя дасягнення мяжы ў мільён тон збожжа рэгіён на 100% выканаў план па здачы хлеба ў кошт дзяржзаказу. У засекі засыпана 145 тыс. т адборнага збожжа, прычым 90 тыс. т - гэта пшаніца. Вынік сур'ёзны, і дасягнуты ён шмат у чым дзякуючы працы хлебаробаў і галоўнай ролі тэхналогій. Невыпадкова шэраг раёнаў - Аршанскі, Верхнядзвінскі, Дубровенскі, Бешанковіцкі па ўраджайнасці перавышаюць сярэднерэспубліканскі ўзровень", - адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама.

Ён падкрэсліў, што ў Верхнядзвінскім раёне, дзе намалочана доўгачаканая мільённая тона, сёлета збіраюць па 43 цэнтнераў збожжа з гектара. "Гэта вельмі сур'ёзны вынік для аднаго з самых паўночных раёнаў краіны. Людзі сваёй працай не раз даказалі - гэта не выпадковасць, а сістэмная праца і кіраўнікоў, і хлебаробаў, - канстатаваў Уладзімір Тарэнцьеў. - А шэраг гаспадарак вобласці - "Ларынаўка", "Клеўцы", "Альгоўскае" намалочваюць з гектара каля 60 цэнтнераў".

У вобласці ўжо абмалочана амаль 80% плошчаў збожжавых і зерневых бабовых культур. Кожны дзень у поле выходзіць каля 1,7 тыс. камбайнаў, 3,5 тыс. адзінак іншай тэхнікі.

Мільённая тона (па вобласці) была сабрана сёння на палях ААТ "Шайцерава", дзе аддача ад хлебнай нівы - 51,6 ц/га. У Верхнядзвінскім раёне ўжо ўбрана 70% плошчаў, намалочана 66 тыс. т збожжа.

Па аператыўных даных на раніцу 17 жніўня, у Віцебскай вобласці збожжавыя абмалочаны з 77% плошчаў, сярэдняя ўраджайнасць 34,4 ц/га, у мінулым годзе на гэту дату было - 28,9 ц/га.

Алена Ціханава, БЕЛТА.