Віцебская вобласць за 4 гады выканала пяцігодку па тэмпе росту спажывецкіх тавараў і тавараабароце
10 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская вобласць менш чым за чатыры гады выканала пяцігадовае заданне па тэмпе росту спажывецкіх тавараў, тавараабароце і інвестыцыям у асноўны капітал, паведаміў сёння на пасяджэнні прэзідыума Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў і Віцебскага аблвыканкама яго старшыня Аляксандр Косінец.
У студзені-кастрычніку бягучага года тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 108,3% да аналагічнага перыяду 2008 года, спажывецкіх тавараў - 105,6%. У параўнанні з пачаткам пяцігодкі аб'ёмы прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў павялічыліся амаль у 1,5 раза. З 2005 года на фінансаванне інвестыцыйнай дзейнасці накіравана Br13 трлн., з іх трэць - у 2009 годзе.
"У 2010 годзе перад эканомікай вобласці будзе пастаўлена няпростая задача - выканаць пяцігадовае заданне да 1 лістапада. Заданне цяжкае, але выканальнае", - заявіў Аляксандр Косінец. Рэгіёну неабходна ліквідаваць адставанне па прадпрыемствах лёгкай прамысловасці, будаўнічай сферы, па сельскай гаспадарцы.
Старшыня аблвыканкама запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і раёнаў перагледзець бізнес-планы развіцця, надаўшы ўвагу выпуску інавацыйнай і імпартазамяшчальнай прадукцыі, скараціць энергаёмістасць прадукцыі, павысіць яе рэнтабельнасць і павялічыць прадукцыйнасць працы.
Як падкрэсліў Аляксандр Косінец, выкананне параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2010 год, зацверджаных указам кіраўніка дзяржавы, з'яўляецца залогам росту даходаў насельніцтва, паспяховага развіцця сацыяльнай сферы.-0-