Віцебская вобласць завяршыла ўборку збожжавых
Па словах старшыні аблвыканкама, сёлета было зроблена ўсё, каб атрымаць ураджай вышэйшы за мінулагодні. "Надвор'е ўнесла свае карэктывы, але нам ёсць чым ганарыцца", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў. Так, Аршанскі раён стаў адзіным у вобласці, які перавысіў 100-тысячны намалот, убраўшы 115 тыс. т збожжа. Тут жа і найбольш высокая ўраджайнасць: аграрыі сельгаспрадпрыемства "Ларынаўка" збіралі больш за 70 ц збожжа з гектара. За кошт арганізацыі працы, выканання тэхналогіі гаспадарка "Межава" змагла павялічыць вытворчасць збожжа амаль удвая.
Адначасова губернатар акцэнтаваў увагу на наяўных рэзервах. "У Аршанскім раёне добрая зямля. Летась Орша атрымала поўнае фінансаванне пад угнаенні, ахоўныя мерапрыемствы і іншыя патрэбы, аднак некаторыя гаспадаркі не змаглі прадэманстраваць прыбаўку", - канстатаваў старшыня аблвыканкама. Старшыні Аршанскага райвыканкама Ігару Ісачэнку ён даручыў прааналізаваць сітуацыю, бо ў наступным годзе перад раёнам стаіць задача дасягнуць валавога збору збожжа не менш за 150 тыс. т. "І мы павінны планамерна рухацца да 200 тыс. т. У Аршанскім раёне гэта магчыма", - перакананы Мікалай Шарстнёў.
Галоўнымі героямі свята сталі працаўнікі тылу, якія забяспечваюць асноўную працу. "Гэта кухары, экіпажы, якія падвозілі харчаванне, прымалі збожжа, лабаранты, а таксама маладыя камбайнеры, якія з-за ўзросту і досведу не змогуць стаць пераможцамі раённых і абласных "Дажынак", але ўжо прадэманстравалі высокі вынік", - адзначыў губернатар.
Сардэчна падзякаваў аграрыяў Віцебскай вобласці за працу і ўклад, які яны ўносяць у агульны каравай рэспублікі, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. Ён падкрэсліў, што рэгіёну сёлета ўдалося выгадаваць і сабраць практычна мільён тон збожжа, у тым ліку ў Аршанскім раёне - 115 тыс. т.
Уладзімір Гракун выказаў упэўненасць, што ў наступным годзе назапашаны аграрыямі паўночнага рэгіёну вопыт, іх уменні дазволяць атрымаць 1 млн т. "У цэлым жа па рэспубліцы стаіць задача атрымліваць не менш за 9 млн т збожжа, што дазволіць у поўнай меры забяспечыць харчовую бяспеку краіны і насенны запас для сяўбы азімых і яравых культур", - заключыў намеснік міністра.
Усяго ў Віцебскай вобласці на вечар 30 жніўня валавы збор збожжа склаў 950 тыс. т. Сярэдняя ўраджайнасць - 30 ц/га. Аграрыям рэгіёну да ўборкі засталося каля 6% плошчаў. Гэта ў асноўным крупяныя культуры (проса, грэчка, трохі бабовых культур, гарох), якія плануецца ўбраць на працягу некалькіх дзён.