Віцебская абласная бібліятэка сабрала электронную калекцыю рэдкіх дакументаў па гісторыі краю
11 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебская абласная бібліятэка імя У.Леніна сабрала адзіную ў рэгіёне электронную калекцыю з больш як 300 рэдкіх поўнатэкставых выданняў, якія змяшчаюць дакументы па гісторыі Віцебскай губерні. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар бібліятэкі Аляксандр Сямёнак.
Праект "Віцебшчына: дакументальная спадчына" рэалізаваны ў супрацоўніцтве з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. У калекцыю ўвайшлі лічбавыя копіі арыгіналаў кніг, выдадзеных у другой палове XIX - пачатку XX стагоддзя. Першапачаткова супрацоўнікі краязнаўчага аддзела правялі пошукавую працу і сфарміравалі спіс дакументаў, якія ўяўляюць цікавасць для даследчыкаў гісторыі вобласці і маглі б стаць асновай калекцыі. У гэты пералік увайшлі матэрыялы ў асноўным з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, спецыялісты якой па замове віцяблян выканалі алічбоўку унікальных выданняў. У абласной бібліятэцы сістэматызавалі дакументы і стварылі інфармацыйны рэсурс, які знаходзіцца ў вольным доступе.
Цяпер у распараджэнні наведвальнікаў бібліятэкі больш як 50 тыс. лістоў тэкставай інфармацыі ў лічбавым фармаце, якія змяшчаюць звесткі па гісторыі Віцебскай губерні. Перш за ўсё гэта "Памятныя кніжкі Віцебскай губерні" з 1881 па 1914 год, якія выдаваліся штогод Віцебскай вучоным архіўным камісіяй і прысвечаны храналагічнаму апісанню асноўных падзей у губерні. Таксама ў калекцыю ўвайшлі "Агляды Віцебскай губерні", выданні энцыклапедычнага характару, прысвечаныя адукацыі, сельскай гаспадарцы, духоўнай і іншым сферам жыцця губерні. Акрамя таго, у праекце прадстаўлены выданні вядомых віцебскіх вучоных і краязнаўцаў: А. Сапунова, Я. Раманава і М. Нікіфароўскага ("Полацк, Віцебск і Мінск у 20-х гадах мінулага стагоддзя", "Асвячоныя прадметы і стаўленне да іх простага народа", "Казкі касмаганічныя і культурныя", "Старонкі з нядаўняй даўніны Віцебскай Беларусі" і інш.). Значным падспор'ем у пошуку дакументаў для калекцыі стала набыццё ў 2009 годзе лічбавай копіі "Каталога бібліятэкі Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (па стане на 1 снежня 1911 года)", бо на пачатку XX стагоддзя менавіта кніжны фонд вучонай архіўнай камісіі стаў асновай для стварэння абласной бібліятэкі. Арыгінал гэтай кнігі, выдадзенай у 1912 годзе, захоўваецца ў фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Вялікабрытаніі.
Стварэнне электроннай калекцыі дазволіла пашырыць доступ да гістарычнай інфармацыі для гісторыкаў, краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй, а таксама магчымасці для правядзення навукова-даследчай працы вучонымі і студэнтамі ВНУ. Акрамя таго, такія праекты спрыяюць папулярызацыі культуры і гісторыі роднага краю, адзначыў Аляксандр Сямёнак. Наступным этапам яго рэалізацыі стане праца з архіўнымі і бібліятэчнымі ўстановамі Расіі, Польшчы і Літвы, у фондах якіх таксама могуць захоўвацца дакументы, што ўяўляюць цікавасць для спецыялістаў па гісторыі Віцебскай губерні, дадаў ён.-0-