Віцебская абласная бібліятэка ў Дзень бібліятэк адкрыла электронную чытальную залу

15 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебская абласная бібліятэка ў Дзень бібліятэк адкрыла электронную чытальную залу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар бібліятэкі Аляксандр Сёмкін. Дзякуючы сучасным тэхналогіям чытачы змогуць атрымаць доступ да рэгіянальных, нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў. Электронная чытальная зала прадастаўляе доступ у Інтэрнэт, да электроннага каталога з бібліяграфічнымі базамі даных. Акрамя таго, тут можна знайсці камбінаваную базу даных "Прыдзвінскі край: гісторыя і сучаснасць", якая ўключае інфармацыю аб гісторыі і сучасным развіцці ўсіх раёнаў Віцебскай вобласці. У яе стварэнні выкарыстоўваліся як выданні, што захоўваюцца ў фондах абласной бібліятэкі, так і кнігі з раённых бібліятэк. Па-сапраўднаму ўнікальнай можна назваць паўнатекставую базу даных "Віцебшчына: дакументальная спадчына". У ёй утрымліваюцца ацыфраваныя рэдкія краязнаўчыя выданні аб Прыдзвінскім краі канца XIX - пачатку XX стагоддзяў. З электроннай чытальнай залы Віцебскай абласной бібліятэкі цяпер можна трапіць у віртуальную чытальную залу Нацыянальнай бібліятэкі і скарыстацца яе рэсурсамі. Па словах Аляксандра Сёмкіна, базы даных для новай чытальнай залы будуць стварацца і далей. Электронная чытальня абсталявана 11 сучаснымі камп'ютарамі з зручнымі маніторамі. Каб трапіць у яе, дастаткова прад'явіць чытацкі білет. Фонд Віцебскай абласной бібліятэкі налічвае больш за 700 тыс. традыцыйных і электронных кніг галіновай, даведачнай, навуковай, мастацкай літаратуры. У бібліятэцы зарэгістравана больш за 55 тыс. чытачоў. На камплектаванне фонду штогод накіроўваецца больш за 15% агульнага фінансавання бібліятэкі.-0-