Віцебская абласная бібліятэка ў Дзень бібліятэк далучыцца да руху буккросінга
14 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебская абласная бібліятэка ў Дзень бібліятэк 15 верасня дасць старт новаму для вобласці руху - буккросінгу, расказаў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар бібліятэкі Аляксандр Сёмкін.
Слова "буккросінг" з англійскай мовы літаральна можна перакласці як "кнігазварот" і тым самым зразумець сутнасць гэтага руху - свабодны абарот кніг. "Прачытай кнігу і адпусці яе", - так гучыць дэвіз гэтага папулярнага ў Еўропе накірунку. Удзельнік руху - буккросер, пакідае на "бяспечнай паліцы", створанай у любым грамадскім месцы, кнігу, якую без перашкод можа ўзяць іншы чытач, а, прачытаўшы яе, вярнуць назад.
Вось і супрацоўнікі абласной бібліятэкі вырашылі адпусціць у вольны палёт каля 100 кніг са сваіх хатніх бібліятэк. Спецыяльна для гэтага ў холе будзе адкрыта "бяспечная паліца". Любы ахвотны, не абавязкова чытач бібліятэкі, зможа прыйсці і ўзяць з яе кнігу, якая спадабалася. Бібліятэкары спадзяюцца, што віцебскія буккросеры прынясуць і свае кнігі для вольнага абмену.
На думку дырэктара бібліятэкі, чытачы са свабоднага абароту кнігі не выведуць і будуць іх вяртаць. "Чытачы - людзі годныя, - перакананы Аляксандр Сёмкін. - Бо з 55 тыс. чытачоў нашай бібліятэкі толькі 100 чалавек забываюць вярнуць кнігу ў час".
Датай нараджэння буккросінгу лічыцца май 2001 года, а яго заснавальнікам - амерыканец Рон Хорнбекер. Ён адкрыў першую "бяспечную паліцу" ў холе свайго гатэля. У Еўропе буккросінг найбольш папулярны ў Францыі і Італіі. У Беларусі ён толькі-толькі набірае абароты, яго пачынальнікам стала ў 2007 годзе адна з дзіцячых бібліятэк Мінска. Сёння ўжо ў трох сталічных публічных бібліятэках створаны "бяспечныя паліцы", і аб'ём кніг, якія ўдзельнічаюць у руху, з году ў год расце.-0-