Віцебская абласная бальніца далучылася да барацьбы з COVID-19, але пры гэтым працягвае аказваць профільную дапамогу
Віцебская абласная бальніца – галоўны стацыянар рэгіёна, у сценах якога высокакваліфікаваную і высокатэхналагічную дапамогу штогод атрымлівае каля 35 тыс. пацыентаў з рознымі захворваннямі. Ва ўмовах пандэміі COVID-19 стацыянар задзейнічаны для лячэння цяжкіх пацыентаў з каранавірусам. Як калектыў гатовы да другой хвалі захворвання і як будзе аказвацца профільная дапамога з уключэннем бальніцы ў інфекцыйны рэжым, карэспандэнту «ВВ» распавёў галоўны ўрач установы Андрэй Андрушкін.
Ужо з мінулага тыдня абласная бальніца пачала прымаць пацыентаў з ковідам, сёння тут на шпіталізацыі знаходзіцца 114 такіх чалавек. Пад інфекцыйны шпіталь, як і ў першую хвалю, перапрафіляваны уралагічны корпус, тут склалася каманда спецыялістаў, якія ўжо маюць вопыт аказання дапамогі пацыентам з каранавірусам новага тыпу.
– З мінулай хваляй калектыў, лічу, справіўся гераічна. Калі назіраўся вялікі наплыў пацыентаў, працаваць было вельмі складана псіхалагічна, тым больш мы ўпершыню сутыкнуліся з такой паталогіяй. Дапамогу аказвалі ўрачы розных спецыяльнасцей. Уролагі, хірургі, фізіятэрапеўты, рэабілітолагі пасля адпаведнай дыстанцыйнай вучобы станавіліся пульманолагамі, інфекцыяністамі. Сваю справу ведаў сярэдні і малодшы медперсанал. У канцы адчувалася некаторая напружанасць, стомленасць сярод супрацоўнікаў, таму летам мы стараліся даць ім адпачынак, каб яны змаглі адпачыць і прыступіць да працы з новымі сіламі. Тым, хто перахварэў каранавірусам, прафсаюзы дапамаглі набыць пуцёўкі ў санаторыі для аздараўлення, – сказаў Андрэй Уладзіміравіч.
Досвед працы ў тых, можна сказаць, экстрэмальных умовах, дазволіў лепш падрыхтавацца да новай хвалі. У перапрафіляваным корпусе на 180 ложкаў палепшана схема размеркавання чырвоных і зялёных зон. Па гуманітарнай, спонсарскай дапамозе атрымана 14 кіслародных канцэнратараў. Усяго да новага ўсплёску захворвання ў бальніцы прадугледжана больш за сотню кропак падключэння да кіслароду. У поўным аб'ёме калектыў забяспечаны сродкамі індывідуальнай абароны, гэтае пытанне адміністрацыя трымае на асабістым кантролі, маніторыць сітуацыю і праводзіць пастаяннае папаўненне запасаў. Аналагічна і з лекавымі прэпаратамі, якія ўжываюцца ў лячэнні кавідных пацыентаў.
– Здараецца, што пацыентам з COVID-19 даводзіцца аказваць экстраную дапамогу, не звязаную з інфекцыйным захворваннем. Для гэтага ва ўралагічным корпусе арганізавана спецыяльнае аддзяленне, дзе знаходзяцца пацыенты розных профіляў, у тым ліку хірургічнага, таракальнага, гнойнай хірургіі, а таксама тыя, хто мае патрэбу ў гемадыялізе. Яны ізаляваны, каб мінімізаваць рызыкі інфікавання ў галоўным корпусе, але пры гэтым застаюцца пад наглядам профільных урачоў, – дадаў Андрэй Андрушкін.
Варта адзначыць, што клініка практычна ў поўным аб'ёме працягвае аказваць насельніцтву вобласці планавую і экстраную меддапамогу па сваіх асноўных напрамках – тэрапеўтычным і хірургічным. Эндакрыналогія, уралогія і нефралогія ў сувязі з перапрафіляваннем уралагічнага корпуса пераведзены ў галоўны корпус. Не прыпыняюць паток высокатэхналагічных аперацый па кардыяхірургіі, мікрахірургіі вока, пратэзаванні суставаў і г.д.
Для бяспекі пацыентаў у асноўным корпусе прадугледжаны два прыёмныя аддзяленні. Адное прызначана для шпіталізацыі планавых пацыентаў, якія на руках ужо маюць адмоўны тэст на COVID-19. Другое – для тых, хто паступіў па хуткай дапамозе, якім пры падазрэнні на каронавірус робяцца экспрэс-тэст і камп'ютарная тамаграфія лёгкіх. Вынікі абследавання вызначаюць далейшы маршрут хворага. На кожным уваходзе ў бальніцу праводзіцца тэрмаметрыя. Першасны штодзённы агляд на наяўнасць прыкмет захворвання арганізаваны таксама для медработнікаў ва ўсіх аддзяленнях.
– Другую хвалю ніхто не хацеў, але ўсе выдатна разумелі, што яна непазбежная. Мы гатовы выконваць сваю працу, лячыць пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй і пры гэтым пастараемся максімальна ўтрымаць аб'ёмы профільнай дапамогі, – рэзюмаваў галоўны ўрач ад імя усяго калектыву абласной бальніцы.