Віцебская абласная філармонія адзначыць 25-годдзе юбілейным праектам
Віцебская абласная філармонія адзначае сёлета сваё 25-годдзе. Гэтай падзеі прысвечаны юбілейны праект «Пяць вечароў з філармоніяй», які адбудзецца ў канцы мая.
У межах юбілейнага праекта «Пяць вечароў з філармоніяй», прысвечанага яе 25-годдзю, з 25 па 29 мая пройдуць вечары сімфанічнай, вакальнай, камернай музыкі і вечар нацыянальнага мастацтва. Канцэрт сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Уладзіміра Беляўскага Віцебскай абласной філармоніі ўпершыню адбудзецца openair, на адкрытым паветры ва ўнутраным дворыку філармоніі. Такім чынам філармонія адраджае традыцыю вулічных канцэртаў, якая была вельмі папулярная ў Віцебску ў 1919-21 гг., у перыяд існавання гарадскога сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Мікалая Малько. У межах праекта пройдуць падзеі, прысвечаныя юбілеям калектываў філармоніі: канцэрт актаэта балалаек «Віцебскія віртуозы» «40 гадоў на сцэне» і канцэрт ансамбля «Талака», прысвечаны 20-годдзю калектыва.
Завершыцца праект «Пяць вечароў з філармоніяй» вялікім гала-канцэртам закрыцця XXV канцэртнага сезона з удзелам артыстаў і калектываў філармоніі.
Днём нараджэння філармоніі лічыцца 22 мая 1989 года, калі Віцебскі аблвыканкам прыняў пастанову аб яе стварэнні (на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі па Віцебскай вобласці) з мэтай прапаганды класічнай музыкі, нацыянальных і сусветных выканальніцкіх школ. Філармонія размясцілася ў старым будынку былога ДК упраўлення бытавога абслугоўвання насельніцтва на цяперашняй плошчы Леніна, у гістарычным цэнтры горада.
Калісьці гэта была Смаленская базаравая плошча, а ў гэтым выдатным будынку знаходзіўся Гарадскі тэатр: ён быў адкрыты ў 1873-74 гг. віцебскім губернатарам Паўлам Якаўлевічам Растоўцавым. Пра віцебскі тэатр казалі, што ён цалкам мог канкурыраваць з тэатрамі буйных гарадоў. У студзені 1874 г. імператарам Аляксандрам II была зацверджана яго новая назва – Растоўцаўскі тэатр, а з восені 1920 г. ён стаў Губернскім паказальным тэатрам. Віцебскі тэатр з поспехам працаваў да вайны 1941-га, затым трупа была адпраўлена ў эвакуацыю ў Уральск. Пасля вайны ад будынка тэатра засталіся толькі руіны... Праз тры дзесяцігоддзі, у 1957 г. на месцы гарадскога тэатра па праекце архітэктара А. Ефрэмёнка вырасла новае будынак у стылі «сталінскага ампіру», у ім 25 гадоў таму і размясцілася філармонія.
Сёння ў гэтым аплоце музычнага мастацтва плённа працуюць выдатныя творчыя калектывы: сімфанічны аркестр (пад кіраўніцтвам Уладзіміра Беляўскага), ансамбль танца, музыкі і песні «Талака» (пад кіраўніцтвам Мікалая Падаляка), актает балалаек «Віцебскія віртуозы» (пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Беларусі Тамары Шафранавай). Вакальнае мастацтва прадстаўляюць салісты Аксана Новікава, Алена Гракава, Леанід Кажарскі, Алеся Бізункова, Алена Папко, Джульета Тарахчян, выканальніцкае майстэрства – Уладзіслаў Міцэнко (скрыпка), Таццяна Моўля (цымбалы), Генадзь Емяльянаў (гітара). Усе яны актыўна гастралююць па Беларусі і за яе межамі,
Каля тысячы канцэртаў у год у розных кутках вобласці і рэспублікі, праграмы для дзяцей і дарослых, арганны абанемент, цыкл праграм для цяжарных жанчын «Слаць душу з нот», маладзёжныя адукацыйныя праекты («Калядная музычная акадэмія», праект «Сустракаем лета з музыкай» да Дня абароны дзяцей), Міжнародны музычны фестываль ім. І.І. Салерцінскага, праект «Санкт-Пецярбургская філармонія – Віцебску» – усё гэта Віцебская абласная філармонія сёння. Менавіта ў яе сценах можна пачуць унікальныя музычныя інструменты – канцэртны рает фірмы «Steinway & Sons» і духавы орган нямецкай фірмы «Glatter - G?tz» (другі ў Беларусі, размешчаны не ў храме).
На сцэне філармоніі выступаюць вядучыя выканаўцы і калектывы Расіі, Беларусі, блізкага і далёкага замежжа. Дзякуючы канцэртнай дзейнасці абласной філармоніі віцебская публіка і госці горада могуць пачуць зорак класічнай і сучаснай музыкі сусветнага ўзроўню.
Таццяна Салаўёва
Крыніца: ANTRAKT.BY