Віцебская абласная філармонія пад заслону сезона прадставіць два ўнікальных канцэрты
24 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Два ўнікальныя канцэрты прадставіць слухачам Віцебская абласная філармонія пад заслонай XXI канцэртнага сезона, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ.
Упершыню ў філармоніі пройдзе сумесны канцэрт арганіста з Літвы Аляксандра Ісакава і камернага аркестра філармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Беляўскага. "Супрацоўніцтва філармоніі з літоўскім арганістам, якое працягваецца ўжо тры гады, вылілася ў такі міжнародны музычны праект, які мы прадставім нашым слухачам ў адным з заключных канцэртаў сезона", - адзначыла Нэлі Мацаберыдзэ. Музыканты падрыхтавалі для прыхільнікаў класікі вельмі цікавую праграму, складзеную з папулярных і вядомых твораў Іагана Себасцьяна Баха. У іх выкананні таксама прагучыць унікальны твор французскага кампазітара сярэдзіны XX стагоддзя Франсіса Пуленка "Канцэрт для аргана, струннага аркестра і літаўр". Знаёмства слухачоў з вынікам міжнароднай дзейнасці філармоніі адбудзецца 27 мая.
Другі канцэрт звязаны з асабліва значным для філармоніі аспектам працы. Яго ўдзельнікамі стануць адораныя навучэнцы музычных устаноў Віцебска. Упершыню маладыя таленты выступяць на адной сцэне з прафесійнымі выканаўцамі. Канцэрт будзе прысвечаны 170-годдзю з дня нараджэння Пятра Чайкоўскага, якое сусветная музычная грамадскасць адзначае ў 2010 годзе. "Як вядома, вялікі кампазітар надаваў вялікую ўвагу выхаванню падрастаючага пакалення, таму і мы вырашылі даць магчымасць выступіць на вялікай сцэне філармоніі юным талентам", - сказала Нэлі Мацаберыдзэ, дадаўшы, што такая практыка будзе працягнута і ў будучыні. Канцэрт пройдзе 31 мая.
Абодва выступленні разнапланавыя і адлюстроўваюць асноўныя напрамкі дзейнасці філармоніі, на якіх рабіўся акцэнт у апошнія гады і якія будуць актыўна развівацца ў перспектыве. Менавіта таму вырашана не аб'ядноўваць іх у адзін заключны канцэрт, а даць публіцы магчымасць двойчы пабываць у філармоніі пад заслонай сезона.
Акрамя таго, 25 мая філармонія пазнаёміць слухачоў з творчасцю камернага аркестра Наўгародскай філармоніі, які ўпершыню выступіць на віцебскай сцэне.-0-