Віцебская абласная выбарчая камісія прыступіла да працы. Кіраваць ёю будзе Дзмітрый Хома

Витебская областная избирательная комиссия приступила к работе. Руководить ею будет Дмитрий Хома

На Віцебшчыне парламенцкі марафон пачынае набываць падрабязнасці. Абласная і акруговыя выбарчыя камісіі вызначыліся з кіраўнікамі, у абласным судзе разглядаюцца першыя скаргі ўдзельнікаў кампаніі, а першыя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты з дакументамі на рэгістрацыю сваіх ініцыятыўных груп ужо пратапталі сцежкі ў акруговыя камісіі.

 

Кіраваць абласной выбарчай камісіяй будзе Дзмітрый Хома. Пра гэта стала вядома 3 верасня па выніках першага пасяджэння выбарчай камісіі, на якім таксама большасцю галасоў намеснікам быў абраны Генадзь Філіпенка, сакратаром — Святлана Ільюшчанка. Уручаючы членам выбарчай камісіі пасведчанні, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў нагадаў ім аб персанальнай адказнасці, бо аблвыбаркам надзелены шырокім колам паўнамоцтваў. У яго кампетэнцыі, у прыватнасці, устанаўленне вынікаў выбараў на тэрыторыі вобласці, разгляд скаргаў на рашэнні акруговых камісій аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты, вынясенне папярэджанняў за парушэнне заканадаўства аб выбарах.

У абласной выбарчай камісіі на парламенцкай кампаніі-2019 сумесна будуць працаваць прадстаўнікі ЛДП, КПБ і РПТС, а таксама пяці іншых грамадскіх аб'яднанняў. З першых хвілін яны актыўна ўключыліся ў працэс і акрамя арганізацыйных пытанняў разгледзелі шэраг ініцыятыў.

Не менш важным этапам кампаніі з'яўляецца ўтварэнне ўчастковых выбарчых камісій. Магчымасць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у іх склад ёсць у палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, грамадзян і працоўных калектываў аж да 29 верасня, пасля чаго мясцовыя органы ўлады павінны ўтварыць участковыя выбарчыя камісіі не пазней 2 кастрычніка.

"Віцебскія весці".