Віцебская абласная арганізацыя БТЧК за пяць гадоў рэалізавала 13 міжнародных праектаў
2 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская абласная арганізацыя БТЧК з 2006 года рэалізавала 13 міжнародных праграм і праектаў. Аб гэтым паведаміла сёння на XXIV справаздачна-выбарнай канферэнцыі абласной арганізацыі БТЧК яе старшыня Галіна Жаланава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ліку найбольш значных праектаў праграма "Мясцовая інтэграцыя бежанцаў у Рэспубліцы Беларусь", "Барацьба з гандлем людзьмі ў Рэспубліцы Беларусь", "Прафілактыка і лячэнне ВІЧ/СНІДу ў Рэспубліцы Беларусь", праекты, накіраваныя на ўмацаванне службы сясцёр міласэрнасці, аказанне падтрымкі людзям пажылога ўзросту, і іншыя.
Высокую ацэнку дзейнасці штатных супрацоўнікаў і валанцёраў Віцебскай абласной арганізацыі даў генеральны сакратар БТЧК Віктар Колбанаў, які ўдзельнічае ў справаздачна-выбарнай канферэнцыі. "Яны рэалізуюць шмат пілотных, наватарскіх праектаў, якія пазней паказваюць сваю эфектыўнасць. Віцебскую абласную арганізацыю па праву можна назваць адной з перадавых у нашай справе, а яе вопыт дзейнасці неабходна тыражаваць і ў іншых рэгіёнах краіны", - сказаў ён.
У якасці прыкладу Віктар Колбанаў прывёў сфарміраваны ў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе валанцёрскі атрад хуткага рэагавання. У цяперашні час гэта адзінае фарміраванне такога роду ў рэспубліцы. Між тым у 2011 годзе БТЧК мае намер надаць самую пільную ўвагу павелічэнню колькасці валанцёрскіх атрадаў па аказанні дапамогі насельніцтву пры надзвычайных сітуацыях і навучанню валанцёраў навыкам аказання першай медыцынскай дапамогі, адзначыў генсек БТЧК.-0-