Віцебская абласная арганізацыя БТЧК заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з калегамі з Нарвегіі і Літвы

Витебская областная организация БОКК заключила соглашение о сотрудничестве с коллегами из Норвегии и Литвы

Сёння Віцебская абласная арганізацыя БТЧК і рэгіянальныя аддзяленні нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа Хедмарка (Нарвегія) і Вісагінаса (Літва) падпісалі трохбаковае пагадненне аб супрацоўніцтве.

На сустрэчы-семінары ў Віцебскім аблвыканкаме прадстаўнікі рэгіянальных аддзяленняў і нацыянальных таварыстваў Чырвонага Крыжа прапрацавалі план супрацоўніцтва, пасля чаго адбылося падпісанне трохбаковага пагаднення тэрмінам на тры гады. Гэтаму папярэднічала падрыхтоўчая праца па вызначэнні вострых патрэб уразлівых груп насельніцтва кожнага з рэгіёнаў і магчымасцей арганізацый Чырвонага Крыжа па аказанні дапамогі людзям і адзін аднаму.

У Віцебскай вобласці, напрыклад, анкетаванне паказала, што асноўнымі праблемамі з'яўляюцца вялікая колькасць пажылых і самотных састарэлых людзей у сельскай мясцовасці і недахоп працоўных рэсурсаў; няроўны доступ да рознага роду паслуг у гарадах і на вёсцы; месцамі слабая кааперацыя паміж насельніцтвам і органамі ўлады на месцах.

У калег з Нарвегіі і Літвы адзначаны падобныя праблемныя месцы. Для іх вырашэння ўсім бакам падыходзіць развіццё трох асноўных напрамкаў: валанцёрскага корпуса, медыка-сацыяльных праграм з уразлівымі катэгорыямі і службаў рэагавання на НС. "Трохбаковае супрацоўніцтва дасць магчымасць адпраўляць заяўку на рэалізацыю супольных праектаў і пры гэтым мець больш шанцаў на атрыманне фінансавання. Звычайна яго цяжка выйграць, але сёння мы знаходзімся ў больш выгадным становішчы", - адзначыў на сустрэчы прадстаўнік штаб-кватэры Нарвежскага Чырвонага Крыжа Карстэн Солхейм.

Ён таксама падкрэсліў, што кожнае з аддзяленняў Нарвежскага Чырвонага Крыжа мае міжнародныя адносіны з калегамі з рэгіёнаў іншых краін, і гэтыя сувязі падтрымліваюцца цэнтральным упраўленнем. Прычым асабліва лёгка супрацоўнічаць з усходнімі рэгіёнамі Еўропы, як, напрыклад, аддзяленню Хедмарка з аддзяленнем Вісагінаса. Віцебская абласная арганізацыя падтрымлівае адносіны з літоўскімі калегамі ў сферы рэагавання на надзвычайныя сітуацыі і аказання першай дапамогі, таму трохбаковае пагадненне стане лагічным працягам гэтых кантактаў і пашырыць спектр узаемнага абмену вопытам. Напярэдадні сустрэчы ў аблвыканкаме ў гасцей была насычаная праграма ў Віцебску.

Яны наведалі Кастрычніцкую раённую арганізацыю БТЧК, дзе пазнаёміліся з практыкай работы па медыка-сацыяльным доглядзе за адзінокімі пажылымі людзьмі і інвалідамі. "У нас гэтым займаюцца валанцёры, а ў вас задзейнічана служба сясцёр міласэрнасці. Прычым, гэта людзі са спецыяльнай медыцынскай падрыхтоўкай, і яны працягваюць навучацца, пацвярджаць сваю кваліфікацыю. Гэта выдатна", - адзначыла прадстаўніца рэгіянальнага аддзялення Хедмарка Кары Мюлбрат.

Пасля госці пабывалі ў пункце часовага размяшчэння бежанцаў, пазнаёміліся з дзейнасцю Першамайскай раённай арганізацыі БТЧК, у веданні якой знаходзіцца пункт, наведалі спецыялізаваны абласны дом дзіцяці, дзе ўбачылі, як працуюць валанцёрскія групы бальнічных клоўнаў.

Кацярына Князева, БелТА.