Віцебская абласная арганізацыя БРСМ аб'ядноўвае больш за 64 тыс. членаў

18 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Больш за 64 тыс. членаў налічвае Віцебская абласная арганізацыя БРСМ. Аб гэтым паведаміў сёння на 32-й справаздачна-выбарнай канферэнцыі абласной арганізацыі яе першы сакратар Дзмітрый Хома, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Усяго ў рэгіёне дзейнічаюць каля 2,3 тыс. пярвічных арганізацый. Штогод іх рады папаўняюць больш за 8 тыс. юнакоў і дзяўчат, адзначыў кіраўнік абласной моладзевай арганізацыі. Разглядаючы дзейнасць пярвічак, Дзмітрый Хома адзначыў, што за апошнія тры гады шырокае развіццё атрымалі патрыятычныя акцыі, мерапрыемствы, якія раскрываюць творчы патэнцыял моладзі, арганізацыя занятасці. Важнае месца ў рабоце адводзіцца новым формам работы, такім як моладзевы марафон "Зрабі свой выбар!", аб'яднанне пад эгідай БРСМ моладзевых субкультур, пошук новых ідэй. Штогод на тэрыторыі вобласці рэалізуюцца праекты рэспубліканскага ўзроўню. Найбольш значныя сярод іх - Дзень моладзі на міжнародным фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", міжнародны моладзевы лагер "Бе-Lа-Русь". Стала традыцыйным правядзенне кругласутачных намётавых лагераў у летні час, патрыятычных акцый "Мы - грамадзяне Беларусі", "Дзякуй за жыццё", "За любімую Беларусь!", мерапрыемстваў у рамках валанцёрскага руху "Добрае сэрца". Дзейнасць абласной арганізацыі праводзіцца ў цесным супрацоўніцтве з органамі дзяржаўнай улады, ветэранскай, піянерскай, прафсаюзнай арганізацыямі, грамадскімі аб'яднаннямі. Сумесна рэалізуюцца праекты, накіраваныя на розныя катэгорыі моладзі. Разам з гэтым большай увагі патрабуе работа з пярвічным звяном, стымуляванне работы актыву арганізацыі, пошук шляхоў па выхадзе на самафінансаванне, адзначыў Дзмітрый Хома.-0-