Віцебская абласная выстава ў рамках праекта «100 ідэй для Беларусі» перарасла ў адкрыты дыялог
Не праста прэзентацыя праектаў іх аўтарамі і пытанні ад экспертнай камісіі, але і пытанні ад моладзі самім экспертам – менавіта ў такім фармаце была арганізавана сустрэча на базе РВУП «Віцебскаблгаз». У размове прынялі ўдзел прадстаўнікі цэнтральнага камітэта БРСМ, Савета Рэспублікі Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь, аблвыканкама, Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў, супольнасці рацыяналізатараў, Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі, грамадскіх аб'яднанняў, прэсы. Як адзначыў першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Ігар Бузоўскі, ідэі маладога пакалення павінны быць пачутыя, гэтак жа як і іх праблемы, таму і было прынята рашэнне правесці з удзельнікамі адкрыты дыялог «Моладзь Беларусі: традыцыі і перспектывы». Прысутных з розных куткоў Віцебшчыны навучэнцаў школ, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў, маладых супрацоўнікаў прадпрыемстваў цікавіла многае. Такая актыўнасць не можа не цешыць, гэта сведчыць аб неабыякавасці да працэсаў, што праходзяць у краіне. А праект «100 ідэй для Беларусі» даказвае: наша моладзь думаючая, смелая і актыўная. На думку намесніка старшыні аблвыканкама Уладзіміра Церанцьева, вельмі важна, што сёння існуе падобная пляцоўка для ініцыятыў.
– Праект дае магчымасць для самарэалізацыі. Калісьці такую магчымасць праявіць сябе моладзевая арганізацыя дала многім сённяшнім вядомым кіраўнікам розных узроўняў. Будучыня – за моладдзю. Дзякуй, што не сядзіце на месцы, а шукаеце ідэі, каб наша краіна рухалася наперад ва ўсіх аспектах, – адзначыў Уладзімір Уладзіміравіч.
На суд экспертнай камісіі было прадстаўлена 16 лепшых праектаў з тых, якія паступілі ў абласны камітэт БРСМ у бягучым годзе. Адны з іх датычыліся сацыяльнай тэматыкі, іншыя былі накіраваны на вырашэнне пытанняў энергазберажэння, эканоміі рэсурсаў, закраналі медыцыну і біялогію, IT-сферу, у якой, несумненна, маладыя розумы займаюць вядучыя пазіцыі.
Прыемна адзначыць, што думаць над тым, як, напрыклад, эканоміць энергурэсурсы, рабяты пачынаюць ужо са школьнай парты. Асабліва парадавалі двое навучэнцаў СШ №1 Дуброўна. Так, Яўгеній Багінаў прыдумаў прыбор, які дазваляе вызначыць уцечку цяпла ў памяшканні. Яго кампаратр выконвае функцыі цеплавізара, але каштуе значна танней. Дарэчы, корпусам прыбора паслужыла… камп'ютарная мыш! А Максім Кісялёў прапанаваў увазе ўдзельнікаў выставы сконструяваны ім прыбор, які дапамагае паменшыць спажыванне электраэнергіі. Ён усталёўваецца на дзверы, якія часта адчыняюцца на працягу дня, дзякуючы чаму назапашваецца механічная энергія, якая затым перадаецца на акумулятар, што зараджае неонавую лямпачку. Такім чынам, да вечара забяспечваецца асвятленне ўваходу без затрат электраэнергіі. Хочацца перадаць словы падзякі настаўніку фізікі Яўгенія і Максіма Аляксандру Іосіфавічу Штура, які развівае талент школьнікаў. Спадзяемся, ідэі рабят не застануцца незаўважанымі і знойдуць прымяненне ў жыцці. Як і іншых удзельнікаў, якія не менш цікавыя. Так, студэнт ПДУ Барыс Канавальчук прапанаваў схему вертыкальнага пад'ёмніка для асоб з абмежаванымі магчымасцямі, навучэнец віцебскага ліцэя прыборабудавання №5 Аляксандр Тумоўскі стварыў сістэму кіравання сайтам, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута тэхнічнай акустыкі Сяргей Лёгкаступаў прадставіў імпартазамяшчальны праект «Распрацоўка каларэктальнага TiNi стэнда», які ўжываецца ў медыцыне. Некалькі ідэй былі прысвечаны прыцягненню турыстаў у гарады і вёскі Віцебшчыны.
Экспертная камісія выбрала 10 праектаў, якія прадставяць вобласць на рэспубліканскай выстаўцы. Трое аўтараў найлепшых ідэй атрымалі гранты ў памеры 500 тысяч рублёў ад абласнога камітэта БРСМ. Сума хай і невялікая, але даказвае, што сваім розумам можна зарабляць грошы і знайсці сродкі на ўвасабленне задуманага. Дарэчы, рэалізацыя інавацыйных праектаў можа быць прафінансавана аблвыканкамам, дзе створаны спецыяльны фонд. Аб магчымасцях, якія прадастаўляюцца, удзельнікам расказала начальнік аддзела інвестыцый і інавацый камітэта эканомікі аблвыканкама Святлана Мядзведская. А кансультант па стратэгіі і маркетынгу, член Асацыяцыі наймальнікаў і прадпрымальнікаў Вольга Халадовіч растлумачыла, як ідэя можа перайсці ў бізнес і прыносіць прыбытак.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці"