Віцебская арганізацыя БМЧК рэалізуе ў 2011 годзе 14 міні-праектаў
7 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) рэалізуе ў 2011 годзе 14 міні-праектаў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА яго старшыня Галіна Жаланава.
Усе міні-праекты датычацца самых сацыяльна неабароненых катэгорый людзей - адзінокіх састарэлых грамадзян, маладых інвалідаў і інш.
Дзесяць з рэалізуемых праектаў пачаліся ў мінулым годзе. Рашэнне іх працягнуць абумоўлена іх сацыяльнай значнасцю і дасягнутым эфектам. Так, праект "Дом без адзіноты" сабраў адзінокіх пажылых аматараў спеваў у Дубровне. Міні-праекты, звязаныя з арганізацыяй гурткоў па розных відах рукадзелля, увасабляюцца ў вёсцы Ноўка Віцебскага раёна, з набыццём млына для жыхароў некалькіх бліжэйшых вёсак - у Нямойтоўскім сельсавеце Сенненскага раёна, танометраў і ровараў для былых работнікаў аховы здароўя - у Сянне. "Усе яны дазволілі аб'яднаць мясцовых пажылых жыхароў, даць ім новы стымул да ўдзелу ў грамадскай дзейнасці, а таксама ўмацаваць сувязь насельніцтва з сельскімі саветамі, якія таксама дапамагаюць ажыццяўляць праекты", - адзначыла Галіна Жаланава.
У гэтым годзе ў рэгіёне будуць рэалізаваны чатыры новыя міні-праекты. Гэта "Рука ў руцэ" па арганізацыі занятасці маладых інвалідаў у Расонскім раёне, "Кружэўніца" - па арганізацыі гурткоў рукадзелля ў Оршы і два праекты, звязаныя з купляй бензапіл для жыхароў вёскі Мікалаева (Шумілінскі раён) і Ветрына (Полацкі раён).
На ажыццяўленне кожнага новага праекта Кансорцыум Швейцарскага, Аўстрыйскага і Нямецкага таварыства Чырвонага Крыжа выдзяляе па 400 еўра, на працяг дзеючых - па 200 еўра.-0-