Віцебская арганізацыя БТЧК у 2010 годзе рэалізуе чатыры новыя сацыяльныя міні-праекты
18 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Віцебская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа рэалізуе ў 2010 годзе чатыры новыя сацыяльныя міні-праекты, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў арганізацыі.
Традыцыйна яны будуць выбраны ў выніку правядзення конкурсу на лепшы сацыяльны міні-праект, накіраваны на аказанне дапамогі пажылым і самотным людзям. Працягнецца ў 2010 годзе і рэалізацыя міні-праектаў гэтага года. У прыватнасці, "Дом без адзіноты", які аб'яднаў самотных пажылых аматараў спеваў у Дубровне, і яшчэ тры міні-праекты, звязаныя з арганізацыяй гурткоў па розных відах рукадзелля ў вёсцы Ноўка Віцебскага раёна, з набыццём млына для жыхароў бліжэйшых вёсак Нямойтоўскага сельсавета Сенненскага раёна, танометраў і ровараў для былых работнікаў аховы здароўя Сянна. Апошнія аб'ядналіся ў групу, каб дапамагчы сястры міласэрнасці Сенненскай раённай арганізацыі БТЧК з яе падапечнымі, а таксама аказаць дапамогу іншым інвалідам, прыкаваным да ложка.
У арганізацыі падкрэслілі, што ініцыятарамі ўсіх гэтых праектаў з'яўляюцца самі пажылыя людзі, а БТЧК толькі дапамагае ім увасобіць у жыццё задумы, якія дазваляюць старым пазбягаць адзіноты і знаходзіць новыя мэты ў жыцці.
На ажыццяўленне кожнага праекта Кансорцыум швейцарскага, аўстрыйскага і нямецкага Таварыства Чырвонага Крыжа выдзяляе па 400 еўра. Усяго Віцебскай абласной арганізацыяй БТЧК з 2007 года рэалізуецца 10 міні-праектаў, накіраваных на падтрымку пажылых людзей.-0-