Віцебская птушкафабрыка атрымае дзяржпадтрымку на будаўніцтва бройлернага цэха - Раман Галоўчанка

ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" даказала вынікамі працы, што новы праект інвестыцыйнай праграмы прадпрыемства варты дзяржаўнай падтрымкі ў льгатаванні банкаўскага крэдыту. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць.

Віцебская бройлерная птушкафабрыка будуе цэлы шэраг аб'ектаў па інвестыцыйнай праграме. Сярод іх бройлерны цэх №3 паблізу вёскі Трыгубцы Віцебскага раёна. Ужо набыта абсталяванне на суму больш за Br4 млн, аб'ём выкананых будаўніча-мантажных работ - больш за Br6 млн. Увод першай пляцоўкі запланаваны на бягучы год, другой - на 2022-ы. Тэмпы будаўніцтва зараз ідуць з апярэджаннем, але могуць затармозіцца, бо заканчваюцца рэсурсы.

Раман Галоўчанка наведаў непасрэдна месца будаўніцтва. "Размова пра вялікія ўкладанні, але і чаканні вельмі добрыя. Прадпрыемства працуе з плюсам па ўсіх паказчыках. Планы вельмі амбіцыйныя: нарасціць аб'ёмы з 60 тыс. т да 90 тыс. т птушкі. І зрабіць гэта на новым тэхналагічным узроўні. Гэта важна, асабліва з улікам таго, што з'яўляюцца новыя біялагічныя пагрозы - птушкагадоўля вельмі залежная ад выканання ўсіх стандартаў. Трэба інвеставаць дадатковыя сродкі ў сістэмы бяспекі, дэзынфекцыі", - распавёў Раман Галоўчанка.

Ён удакладніў, што разам з іншымі прадстаўнікамі ўрада прыехаў асабіста пераканацца, што праект варты таго, каб дзяржава ўдзельнічала ў льгатаванні крэдытных рэсурсаў, якія прадастаўляюцца для яго рэалізацыі.

"Упэўнены, што гэтая галіна эканомікі, важная не толькі для Віцебскага рэгіёна, але і для ўсёй Беларусі, атрымае падтрымку дзяржавы і мы выйдзем на вынікі, якія маюцца ў бізнес-плане", - сказаў Раман Галоўчанка.

Цяпер няпростая сітуацыя з ліквіднасцю ў банкаўскай сістэме, таму нават вельмі прывабныя праекты маюць цяжкасці з крэдытаваннем вялікіх сум. "Роля дзяржавы якраз у льгатаванні па ўказе №347, які дазваляе пакрываць бюджэтнымі трансферамі да 25% кошту капітальных затрат, - растлумачыў прэм'ер-міністр. - Мы перайшлі на гэту сістэму, каб стымуляваць крэдытаатрымальнікаў будаваць хутчэй і, самае галоўнае, хутка выходзіць на праектную магутнасць".

Таксама ў Трыгубцах будуецца цэх забою і перапрацоўкі птушкі магутнасцю 9 тыс. галоў на гадзіну. Закуплена абсталяванне на суму больш за Br70 млн, аб'ём выкананых работ - больш за Br11 млн. Увод у эксплуатацыю плануецца ў 2022 годзе. Побач з'явіцца ўчастак забою і перапрацоўкі буйной рагатай жывёлы. І каля гарпасёлка Янавічы ў Віцебскім раёне рэканструюецца лінія сушкі і сартавання насення.

Вытворчыя аб'екты інвестыцыйнай праграмы птушкафабрыкі ўключаны ў дзяржпраграму "Аграрны бізнес" на 2021-2025 гады. Акрамя пералічаных вышэй аб'ектаў па гэтай праграме плануецца рэканструкцыя цэха забою і перапрацоўкі птушкі №2 пад цэх гатовай прадукцыі (тэрмін рэалізацыі - 2022 год), рэканструкцыя камбікормавай вытворчасці (2022-2024 гады), будаўніцтва МТК "Курына" на 1440 галоў (2024-2025 гады). Агульная сума інвестыцый па ўсіх аб'ектах дасягае амаль Br431,27 млн.

ААТ "Віцебская бройлерная птушкафабрыка" - адзінае ў Віцебскай вобласці прадпрыемства па вытворчасці мяса птушкі на прамысловай аснове з агульным замкнёным вытворчым цыклам - ад атрымання інкубацыйных яек і вырошчвання маладняку да поўнай перапрацоўкі мяса птушкі ў гатовыя паўфабрыкаты, копчанасці, каўбасныя вырабы і іх рэалізацыі ў сетцы фірменнага гандлю.

Па выніках працы за студзень-май 2021 года тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах склаў 103,4%. Значныя вынікі дасягнуты і ў жывёлагадоўлі. Пагалоўе БРЖ на 1 чэрвеня перавысіла 11,3 тыс., што на 10,9% вышэй за паказчык мінулага года. За 5 месяцаў гэтага года надоена 13 354,5 т малака (на 6,6% вышэй за ўзровень 2020 года). Удой на карову склаў 3140 кг, таварнасць малака - 93,5%.

Экспарт тавараў у вартасным выражэнні за студзень-май склаў $9,8 млн, што вышэй за аналагічны перыяд 2020 года на 63,1%. Пры гэтым 13% мясной прадукцыі фабрыкі рэалізуецца праз сетку ўласнай фірменнага гандлю - 35 магазінаў, 24 гандлёвыя павільёны і кіёскі, 7 аўтамагазінаў, 3 гандлёвыя месцы на рынку і 10 прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Усяго 79 аб'ектаў.

БЕЛТА.